Пуцін і Эрдаган сустрэліся ў Пецярбургу і паціснулі рукі (фота, відэа)
Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэліся ў Пецярбургу ў Канстанцінаўскім палацы і паціснулі рукі. Гэта першая сустрэча кіраўнікоў Расіі і Турцыі пасля працяглага крызісу ў двухбаковых адносінах, які распачаўся пасля збіцця ў лістападзе мінулага года туркамі расійскага бамбардзіроўшчыка Су-24. Расійскі бок патрабаваў прабачэнняў, але кіраўніцтва Турцыі ад такога крока адмаўлялася. І толькі ў чэрвені прэзідэнт Турцыі ў лісце да расійскага прэзідэнта папрасіў прабачэння за збіты самалёт і выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю пілота.
На сустрэчы Пуцін і Эрдаган збіраюцца абмеркаваць аднаўленне чартараў і экспарту турэцкіх прадуктаў у Расію, недапушчальнасць рээкспарту праз Турцыю забароненай прадукцыі з Еўрасаюза. Верагодна, будзе закранута і пытанне кампенсацыі за збіты самалёт.
Уладзімір Пуцін заявіў у пачатку сённяшняй сустрэчы, што візіт Рэджэпа Таіпа Эрдагана сведчыць пра аднаўленне дыялогу паміж краінамі "дзеля інтарэсаў народаў Турцыі і Расіі", інфармуе РІА "Новости".
Апошні раз Пуцін і Эрдаган сустракаліся ў лістападзе 2015 года.