Пуцін назваў канфлікт у Чорным моры "невялікім інцыдэнтам"
Уладзімір Пуцін упершыню пракаментаваў падзеі ў Чорным моры, якія рэзка абвастрылі адносіны паміж Расіяй і Украінай. Яго выступ прагучаў на інвестыцыйным форуме "Расія кліча!". Як перадае Бі-Бі-Сі, захоп украінскіх караблёў Пуцін назваў невялікім інцыдэнтам і ўкраінскай правакацыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
"Гэта правакацыя, якая арганізаваная дзеючай уладай. Думаю, што і прэзідэнтам дзеючым — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на Украіне ў сакавіку наступнага года", — заявіў расійскі кіраўнік. Па яго словах, гэта не больш як памежны інцыдэнт.
Пуцін звярнуў увагу на тое, што афіцыйны Кіеў не ўводзіў ваеннае становішча ў 2014 годзе, калі Крым быў далучаны да Расіі, а ў Данбасе ішлі цяжкія баі з выкарыстаннем танкаў, артылерыі і "нават авіяцыі".
"Гэта ж была іншая, маштабная гісторыя", — дадаў ён.
Нагадаем, што ўвечары 25 лістапада расіяне абстралялі і затрымалі два ўкраінскія катэры і буксір каля Керчанскага праліва. Расія абвінаваціла маракоў у парушэнні мяжы. Кіеў і заходнія краіны абвінавацілі Маскву ў агрэсіі. Украіна падкрэслівае, што захоп караблёў адбыўся ў нейтральных водах.
Кіраўнік Расіі запэўнівае, што затрыманне адбылося ў тэрытарыяльных водах Расіі і што ўкраінскія маракі не адказвалі на запыты расійскіх памежнікаў. "Нават пасля парушэння дзяржаўнай мяжы ім прапанавалі ўзяць лоцмана — маўчанне", — сказаў Пуцін.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заклікаў Пуціна і Парашэнку напрамую ўрэгуляваць сітуацыю. У адказ на гэта прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што "сітуацыя не мае патрэбы ў замірэнні".
У сераду прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пасля керчанскага інцыдэнту можа адмяніць запланаваную сустрэчу з Пуціным на саміце G20 у Аргенціне 30 лістапада.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 28.11