Пуцін паабяцаў Эрдагану, што адменіць санкцыі, але паступова
Уладзімір Пуцін паабяцаў Рэджэпу Таіпу Эрдагану, што адменіць санкцыі, але паступова. У аўторак у Пецярбургу адбылася сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Турцыі, першая пасля працяглага крызісу паміж краінамі. Ён быў выкліканы збіццём у лістападзе мінулага года туркамі на мяжы з Сірыяй расійскага бамбардзіроўшчыка Су-24. Турцыя доўгі час адмаўлялася прыносіць прабачэнні. Толькі ў чэрвені Эрдаган даслаў ліст Пуціну, у якім прынёс прабачэнні за збіты самалёт, сцвярджаюць у Маскве. Турэцкі бок настойвае на тым, што іх прэзідэнт проста выказаў шкадаванне, але не прыносіў прабачэнняў. Тым не менш, з гэтага ліста і пачалося аднаўленне расійска-турэцкіх адносінаў.
Дарэчы, як стала вядома, ролю пасярэднікаў у нармалізацыі адносінаў Расіі і Турцыі адыгралі турэцкі бізнесмен Джавіт Чаглар і прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
Па выніках сённяшняй сустрэчы Пуцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што Расія будзе адмяняць санкцыі ў адносінах турэцкіх кампаній паэтапна. Таксама ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць адноўленыя чартарныя рэйсы з Расіі ў Турцыю. Што да магчымага аднаўлення бізвізавага рэжыму паміж краінамі, расійскі прэзідэнт заявіў, што гэтае пытанне яшчэ будуць абмяркоўваць. Эрдаган пацвердзіў, што праект будаўніцтва газаправода "Турэцкая плынь" будзе рэалізаваны, інфармуе meduza.io.
Міністр эканамічнага развіцця Расіі Аляксей Улюкаеў паведаміў, што забарону на імпарт турэцкіх прадуктаў у Расію могуць зняць да канца бягучага года.