Пуцін прапанаваў правесці рэферэндум аб унясенні паправак у Канстытуцыю РФ
Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці рэферэндум аб унясенні паправак у Канстытуцыю РФ. Сярод іх — змена пункта аб двух прэзідэнцкіх тэрмінах запар. У сераду Пуцін выступіў з пасланнем да федэральнага сходу.
Мяркуецца, што парламент атрымае частку паўнамоцтваў прэзідэнта Расіі. Пуцін заявіў, што Дзярждума магла б зацвярджаць кандыдатуру прэм'ер-міністра. Сярод яго прапаноў — зацвярджэнне парламентарамі і кандыдатур віцэ-прэм'ераў, федэральных міністраў. І калі Дзярждума зацвердзіць нейкую кандыдатуру, прэзідэнт Расіі не зможа яе адхіліць. Пры гэтым, заявіў Уладзімір Пуцін, прэзідэнт можа адхіліць ад пасады і міністраў, і прэм'ера — у выпадку, калі яны страцяць давер ці неналежным чынам выконваюць свае абавязкі.
Што да сілавога блока, то Пуцін пакідае кантроль за ім за прэзідэнтам. Таксама ён заявіў пра неабходнасць павышэння ролі губернатараў у прыняцці рашэнняў федэральнага значэння. У Канстытуцыі будуць замацаваны статус і роля Дзяржаўнага савета, у дзейнасці якога ўдзельнічаюць кіраўнікі ўсіх рэгіёнаў Расіі.
"Каламутная (рэзервовая) гісторыя з Дзяржсаветам", — напісаў у Telegram галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венедыктаў. "Гэта сцэнар трансферу ўлады на 2024-ы, — мяркуе беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Пуцін — кіраўнік Дзяржсавета пры слабым прэзідэнце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.