Пуцін увядзе войскі? Прэзідэнт Расіі выказаўся пра падзеі ў Беларусі

Інтэрв'ю Уладзіміра Пуціна тэлеканалу "Россия 1"
Інтэрв'ю Уладзіміра Пуціна тэлеканалу "Россия 1"

"Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю".

Гэта, мабыць, самае рэзананснае выказванне Уладзіміра Пуціна з апублікаванага сёння інтэрв'ю тэлеканалу "Россия 1". На фоне бесперапынных пратэстаў у Беларусі Лукашэнка і Пуцін некалькі разоў стэлефаноўваліся. Мабыць, просьба Лукашэнкі пра сілавое ўмяшанне Расіі ў беларускі парадак дня прагучала падчас адной з такіх размоў.

"І мы з ім дамовіліся: пры першым жа нашым запыце будзе аказана ўсебаковая дапамога па гарантаванні бяспекі Рэспублікі Беларусь", — раней анансаваў гатоўнасць Расіі дапамагчы Аляксандр Лукашэнка.

Вось яшчэ некалькі важных заяў па сітуацыі ў Беларусі, зробленых Пуціным у тым жа інтэрв'ю:

"Лукашэнка сказаў, што гатовы разгледзець канстытуцыйную рэформу, магчымасць парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў па новай Канстытуцыі".

"Расія зыходзіць з таго, што ўсе праблемы ў Беларусі будуць вырашацца мірным шляхам".

"Неабходнасці ва ўжыванні расійскіх сіл у Беларусі пакуль няма, спадзяюся, і не будзе, і з гэтым згодныя і ў Маскве, і ў Мінску".

"Калі быць аб'ектыўным, то я думаю, што праваахоўныя органы Беларусі паводзяць сябе дастаткова стрымана, нягледзячы ні на што. Паглядзіце, што ў некаторых краінах адбываецца".

"Расія [у дачыненні да Беларусі] паводзіць сябе больш стрымана і нейтральна, чым еўрапейцы і амерыканцы".

"Выбіральнасць за мяжой у ацэнках дзеянняў уладаў і апазіцыі Беларусі наводзіць на думку, што на працэсы ў краіне хочуць уплываць".

Пуцін згадаў пра інцыдэнт з затрыманнем напярэдадні выбараў у Беларусі расійскіх грамадзян, якія з'яўляюцца байцамі ЧВК "Вагнер". Па яго словах, на гэта беларускіх сілавікоў справакавалі спецслужбы Украіны і ЗША.

Таксама Пуцін закрануў пытанне пра пастаўку новай расійскай вакцыны ад COVID-19 у Беларусь: "Расійская вакцына ад каранавіруса бясшкодная. Дзве расійскія вакцыны ад каранавіруса будуць канкураваць. Думаю, яны будуць роўныя па эфектыўнасці".

Кіраўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся, што беларусы нароўні з расіянамі ў добраахвотным парадку прымуць удзел у трэцім этапе выпрабаванняў расійскай вакцыны ад каранавіруса. Беларусь — першая краіна, куды будзе пастаўлена новая вакцына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі