Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку наконт затрыманых "вагнераўцаў"
7 жніўня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Як адзначае БЕЛТА, ініцыятарам размовы выступіў прэзідэнт Расіі.
Пачалася размова з процідзеяння пандэміі COVID-19 у дзвюх краінах, выпрацоўкі вакцыны для барацьбы з гэтай інфекцыяй.
Потым перайшлі да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Крамля, расійскі бок выказаў зацікаўленасць у захаванні ў Беларусі стабільнай ўнутрыпалітычнай сітуацыі і спакойнай абстаноўцы падчас выбараў.
Паводле БЕЛТА, Пуцін адзначыў неабходнасць супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям і дзеянням трэціх сіл, якія могуць прывесці да іх пагаршэння.
Адной з асноўных тэм размовы стала затрыманне 33 расійскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка, як выглядае з БЕЛТА, падкрэсліў, што хоча самым сур'ёзным чынам разабрацца ў гэтай сітуацыі. Пуцін выказаў упэўненасць, што сітуацыю ўдасца ўрэгуляваць ў духу ўзаемаразумення.
Кіраўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся старанна вывучыць факты, выявіць сапраўдныя прычыны сітуацыі, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.