“Пытанне на беларускай мове ў “Што? Дзе? Калі?” апошні раз было з год таму”

Сённяшні выпуск “Форум Беларусь” — бадай што самы інтэлектуальны за ўсю гісторыю праграмы. І гэта не таму, што ўпершыню падрыхтаваў яго Павел Свярдлоў. З сённяшнім экспертам “Форума”, намеснікам дырэктара грамадскага аб'яднання “Беларуская ліга інтэлектуальных камандаў”, знатоком украінскага тэлеклуба і беларускай спартовай каманды “МИД-2” Яўгенам Міроціным мы абмяркоўваем, наколькі інтэлектуальная нацыя — беларусы.

Еўрарадыё: Мы з дзяцінства пад уплывам мініяцюр Задорнава прызвычаіліся лічыць, што амерыканцы – “ну тупыя!” – увесь час кур’ёзна памыляюцца і ўвогуле не ўяўляюць, што такое свет. Беларусы разумнейшыя?

Яўген Міроцін: Савецкая сістэма адукацыі ўкладала ў галаву кожнага, хто з ёй сутыкаўся, шэраг базавых фактаў. Зараз, як я бачу, мы ад гэтага адыходзім. Тыя веды, якія мы прызвычаіліся лічыць акадэмічнымі, выкладаюцца цяпер не так інтэнсіўна. І я не лічу, што гэта вельмі дрэнна: большасці яны ўсё роўна непатрэбныя. Але казаць, што амерыканцы тупыя таму, што яны не могуць адрозніць Аўстрыю ад Аўстраліі – гэта неразумна. Гэтак жа неразумна, як казаць, што беларусы ці рускія – разумныя. Сярэдні чалавек, у якога ты на вуліцы запытаешся, хто такі Аляксандр Македонскі, табе не адкажа. Хаця, я думаю, што нашым слухачам зараз смешна.

Еўрарадыё: А калі казаць пра сілу беларусаў у інтэлектуальных гульнях?

Яўген Міроцін: Беларусь уваходзіць (ды і заўжды ўваходзіла) у тройку вядучых краін. Проста таму, што гульня “Што? Дзе? Калі?” з’явілася ў СССР. Расія, Украіна і Беларусь, як спадчыннікі гэтай вялікай краіны, застаюцца асноўнымі носьбітамі цікавасці да інтэлектуальных гульняў і яднаюць больш за ўсіх гульцоў у “Што? Дзе? Калі?

Еўрарадыё: Дарэчы, наколькі шырока “Што? Дзе? Калі?” разышлася па свеце?

Яўген Міроцін: Калі казаць пра “Што? Дзе? Калі?” на тэлебачанні, якая дала развіццё спартовым інтэлектуальным гульням і вабіць шмат каго з моладзі, – яна ёсць у Расіі, Украіне, Беларусі, Азербайджане, Узбекістане. У трох першых краінах здымаецца “Брэйн-рынг”. Спартовае “Што? Дзе? Калі?” распаўсюджана шырэй: у яго гуляе шмат эмігрантаў у Амерыцы, Вялікабрытаніі, Германіі…

Еўрарадыё: І, натуральна, у Ізраілі?

Яўген Міроцін: “Вядома! Нават у Чэхіі ёсць каманды па “Што? Дзе? Калі?”. Традыцыйна гэта гульня на рускай мове, але вось нарэшце ў ЗША дамовіліся з тэлекампаніяй “Гульня” і цяпер ладзяць элітарнае “Што? Дзе? Калі?” на англійскай мове. У іх ёсць свая спецыфіка, і ўвогуле гэта адрозніваецца ад таго, што мы прызвычаіліся бачыць. Яны кажуць: прыводзьце сваю каманду, і мы абярэм яе! Прыводзьце як мага больш людзей, напрыклад, ваш клуб садаводаў ці вашу бейсбольную каманду. То бок, яны здымаюць тое, што цікава амерыканцам: убачыць людзей, якія нечым аб’яднаныя, у вельмі нязвыклай для іх сітуацыі”.

Еўрарадыё: За беларусамі замацавалася азначэнне памяркоўнай нацыі. Разважлівай і, у пэўным сэнсе, павольнай у плане мыслення. Ці адпавядаюць гэтаму азначэнню нашы знатакі?

Яўген Міроцін: Я б не сказаў, што пра нашых знатакоў можна сказаць, як пра залішне разважлівых ці павольных. Але, у пэўным сэнсе, наша грамадства павольна раскачваецца і рэагуе. Гэта мае шмат розных наступстваў. Напрыклад, усе турніры па спартовым “Што? Дзе? Калі?” у нас праводзяцца выключна на энтузіязме, і вельмі рэдка на нейкай падтрымцы ад структур – як дзяржаўных, так і камерцыйных – прычым не таму, што падтрымаць нас выгадна, а таму, што яны добра ставяцца да арганізатараў гульняў. А прычына вельмі простая: спансіраваць каго-небудзь у Беларусі цалкам нявыгадна. У свеце сітуацыя зусім іншая: напрыклад, у заможных каўказскіх рэспубліках вельмі вялікія грошы круцяцца ў “Што? Дзе? Калі?”. Яны з задавальненнем запрашаюць каманды з усяго свету, і забяспечваюць ім пражыванне і харчаванне за кошт спонсараў. І гэтымі спонсарамі з’яўляюцца самі арганізацыі, якім гэта цікава, ці якія бачаць нейкі сэнс у тым, каб сваімі фінансамі падтрымаць альтруістычнае мерапрыемства.

Еўрарадыё: “Беларускай лізе інтэлектуальных каманд” 6 чэрвеня споўнілася 15 гадоў. Навошта разумныя людзі ў Беларусі вырашылі аб’яднацца ў гэтую лігу? Гэта інстынкт самазахавання ім падказвае трымацца ў статку?

Яўген Міроцін: Беларуская ліга інтэлектуальных каманд” – гэта грамадскае аб’яднанне, якое складаецца з клубаў па ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах Беларусі. Самы буйны, натуральна, у Мінску. З іншых самыя актыўныя ў Гомелі, Віцебску, Магілёве. У першую чаргу “БЛІК” займаецца арганізацыяй чэмпіянатаў краіны па розных інтэлектуальных гульнях у чатырох узроставых катэгорыях: дарослыя, студэнты, старэйшыя і малодшыя школьнікі.

Еўрарадыё: Колькі зараз у лізе ўдзельнікаў?

Яўген Міроцін: Калі казаць пра дарослых і студэнтаў – прыкладна 150 актыўных каманд па Беларусі, з іх 90 – у Мінску. Што тычыцца юнацкіх каманд – іх яшчэ 100.

Еўрарадыё: 250 памножыць на 6, гэта…

Яўген Міроцін: …Паўтары тысячы.

Еўрарадыё: Дзякуй… Паўтары тысячы разумных людзей ёсць у Беларусі?

Яўген Міроцін: Я спадзяюся, што ўсё ж такі больш.

Еўрарадыё: Чаму яны не далучаюцца да “БЛІК”?

Яўген Міроцін: Інтэлектуальны спорт – гэта вельмі своеасаблівы занятак. Трэба, каб да яго ляжала душа. Ну і, натуральна, трэба ведаць, што ён ёсць. Асобныя трэнеры пачынаюць працаваць са школьнікамі ўжо з 5-6 класаў. Мінадукацыі падтрымлівае правядзенне юнацкага чэмпіянату Беларусі, але, натуральна, інтэлектуальныя гульні не ўваходзяць ні ў школьную праграму, ні ў рэкамендаваныя пазакласныя віды заняткаў. Хаця, трэба сказаць, не толькі не перашкаджаюць навучанню, але і дапамагаюць.

Еўрарадыё: Ці мае ўвогуле сэнс уключаць у школьную праграму нешта накшталт рашэння галаваломак? Спецкурс, накіраваны на агульнае інтэлектуальнае развіццё, не ў сувязі з пэўным прадметам?

Яўген Міроцін: Думаю, што нашы метадычныя матэрыялы былі б карысныя для факультатываў. Да таго ж, зараз з’яўляецца шмат інтэграваных прадметаў, якія па змесце і стылі блізкія да тых ведаў, якія людзі набываюць, калі гуляюць у інтэлектуальныя гульні. Сярэдні знаток мае паглыбленыя веды ў геаграфіі, гісторыі, літаратуры, сучасным мастацтве. І гэта шмат у чым “накрывае” так званыя агульнаадукацыйныя тэсты і прадметы, у бок якіх рухаецца наша адукацыя. А самі метады, якія ўжываюцца для трэніровак нашых каманд, і пэўныя тыпы спаборніцтваў, якія мы праводзім, могуць быць нашмат больш цікавымі, чым традыцыйныя заняткі. 10 гадоў таму, калі я навучаўся ў школе, настаўнікі некаторых прадметаў бралі на сябе ініцыятыву і нават кантрольныя праводзілі ў больш дынамічнай, гульнёвай форме. У нашым класе ўсе ад гэтага атрымлівалі вялікае задавальненне.

Еўрарадыё: Цяпер адкажы на супрацьлеглае пытанне: чаму людзі ідуць у “БЛІК”? Што іх вабіць у інтэлектуальных гульнях?

Яўген Міроцін: Найперш, гэта кантакты з людзьмі, якім цікава тое, што і табе. Якія маюць пэўны інтэлектуальны ўзровень. У гэтым асяроддзі разумнаму чалавеку нашмат прасцей знайсці тых, з кім яму прыемна кантактаваць. Калі ты прыходзіш у інтэлектуальную “тусоўку” – знаходзіш людзей са складам розуму, падобным да свайго. Табе ёсць пра што з імі пагутарыць. Напрыклад, мне з імі цікава.

Еўрарадыё: У тых ведах, якія ты пералічыў, пераважаюць гуманітарныя. Ці можна сказаць, што сёння “Што? Дзе? Калі?” – гэта выключна для гуманітарыяў?

Яўген Міроцін: “Не! Напрыклад, я па адукацыі матэматык-праграміст, і працую праграмістам. Але калі пішу пытанні – напрыклад, для “Сваёй гульні” – часцей пішу іх па кнігах і фільмах. Звесткі з іх неяк лепш і хутчэй знаходзяцца і спалучаюцца ў галаве, чым звязаныя тэхнічныя факты. А ўвогуле, зараз вялікі перакос у гуманітарную сферу, які мы імкнёмся выраўняць”.

Еўрарадыё: А ці праўда, што ў “Што? Дзе? Калі?” варта ісці найперш людзям з тэхнічным мысленнем, якія ў штодзённай практыцы не знаходзяць выйсця для гуманітарных ведаў? Яны ў дзяцінстве чыталі шмат кніжак, якія цяпер ляжаць у іх галовах мёртвым грузам, і безліч фактаў з іх застаецца незапатрабаванай?

Яўген Міроцін: У нейкім сэнсе “Што? Дзе? Калі?” – гэта, вядома, добрае пераключэнне дзейнасці. А з іншага боку, тое, што чалавек прачытаў шмат кніжак, не зробіць яго моцным гульцом у “Што? Дзе? Калі?”. Хутчэй, гэта дапаможа ў “Сваёй гульні”, хаця і там апошнім часам аддаюць перавагу пытанням на логіку, чым на суворым, сухім ведам.

Еўрарадыё: Прывядзі, калі ласка, прыклад такога пытання!

Яўген Міроцін: Напрыклад, такое пытанне, якое згуляла на чэмпіянаце Беларусі па “Эрудыт-квартэце” – каманднай версіі “Сваёй гульні”. Тэма “Пластмаса”. Пытанне: “У фільме “Парк Юрскага перыяду” ГЭТА выраблялі з адмысловай порыстай пластмасы”. Натуральна, адказ можна памятаць, бо фільм досыць папулярны. Але дастаткова ўяўляць сабе, што ў гэтым фільме людзі вырошчвалі штучных дыназаўраў. І тады можна здагадацца, што адказ – гэта шкарлупіны для яек, у якіх нараджаліся гэтыя дыназаўры.

Еўрарадыё: Ці прыносяць беларускія інтэлектуальныя гульні грошы тым, хто імі займаецца?

Яўген Міроцін: Адзіны вядомы мне варыянт зарабіць у Беларусі на інтэлектуальных гульнях – гэта пісаць пытанні для тэлевізійнага “Што? Дзе? Калі?”. Яны добра аплачваюцца – натуральна, калі знатакі не знойдуць адказу. А ўвогуле, з усіх вядомых мне знатакоў ва ўсіх краінах я ведаю толькі некалькіх чалавек, якія “жывуць” са “Што? Дзе? Калі?”. Яны займаюцца рэдактурай, і рэдагуюць вельмі шмат.

Еўрарадыё: Што гэта значыць?

Яўген Міроцін: Яны рыхтуюць пакеты пытанняў для турніраў. Аўтары дасылаюць ім пытанні, рэдактар захоўвае іх, а пасля падбірае для таго ці іншага пакета тыя, якія падыходзяць і падабаюцца. Шмат хто падчас рэдагавання змяняе пытанне, некаторыя – да непазнавальнасці… І так фарміруюць пакеты.

Еўрарадыё: А наколькі гэта проста – напісаць пытанне?

Яўген Міроцін: “Найперш, для таго, каб навучыцца пісаць пытанні, трэба іх шмат згуляць. І зразумець трэнды і тэндэнцыі, якія ёсць. Стыль эвалюцыянуе ўвесь час, і тое, што падавалася прыгожым у 1995-м, зараз не да месца і ўвогуле выглядае смешным”.

Еўрарадыё: Ці ёсць трэнды ў тэлевізійным “Што? Дзе? Калі?”? Я маю на ўвазе, якім павінна быць пытанне, каб у яго было больш шансаў трапіць на стол да знатакоў?

Яўген Міроцін: “Так, трэнды ёсць, і некаторыя – даволі празрыстыя. Напрыклад, падчас апошняй серыі моцна адчувалася вельмі прыязнае стаўленне рэдактараў праграмы да аграрных пытанняў. Думаю, тут праяўляецца сацыяльная арыентаванасць праекта і тое, што ён накіраваны на звычайных гледачоў. Таму, калі вы знайшлі цікавы факт пра тое, як вырошчваюць трусоў ці бульбу, ці проста ваш дзядуля распавёў вам цікавую гісторыю – пішыце пытанне, і ў яго будзе добры шанец трапіць у тэлеэфір”.

Еўрарадыё: Ці атрымліваецца ў “Беларускай лігі інтэлектуальных каманд” у наш няпросты час заставацца палітычна незаангажаванай арганізацыяй?

Яўген Міроцін: Як грамадскае аб’яднанне, “БЛІК” не мае права быць палітычна арыентаваным. Што, натуральна, не азначае, што удзельнікі арганізацыі не маюць права на ўласныя погляды. Натуральна, паколькі мы размаўляем пра моладзь, і пра моладзь актыўную – сярод знатакоў ёсць апазіцыйна настроеныя. Але мы, як кіраўніцтва, разумеем, што прымешваць у нашу дзейнасць палітыку няправільна. Мы застаёмся арганізацыяй, якая ставіць сваёй задачай гульню. І арыентуемся выключна на гэта.

Еўрарадыё: А ці здараецца такое, што знатакі адказваюць на пытанні на беларускай мове?

Яўген Міроцін: Такія пытанні бываюць, але апошнім часам іх робіцца ўсё менш і менш. На маю думку, гэта не звязана ні з палітычнай, ні з нейкай іншай сітуацыяй. Нават наадварот, калі сітуацыя была яшчэ больш напружанай, пытанняў на беларускай мове было больш. Праводзіліся цэлыя турніры на мове, а ў чэмпіянаце Мінска, напрыклад, былі беларускамоўныя туры па 10-15 пытанняў. Але апошнім часам іх колькасць паменела, бо, на маю думку, проста перакладаць пытанне на беларускую мову з рускай не мае сэнсу. Руская мова – міжнародная мова гульні. Чэмпіянаты свету праводзяцца на рускай мове, і чэмпіянаты краін, як правіла, таксама. Таму асабіста я не лічу слушным задаваць пытанне па-беларуску, калі такое ж пытанне можна задаць на рускай мове. Іншая справа, калі ў пытанне ўкладзеная якая-небудзь міжмоўная гульня… Але такое пытанне я апошні раз чуў недзе год таму.

Фота (са здымкаў праграмы "Брэйн-рынг"): dizay.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі