Рабочыя Мінскага домабудаўнічага камбіната правялі стыхійны страйк
Зранку 17 лютага каля сотні рабочых Мінскага домабудаўнічага камбіната спынілі працу. Іх стыхійны страйк працягваўся каля 40 хвілінаў, піша onliner.by. У акцыі прынялі ўдзел работнікі арматурнага, фармовачнага і аздобнага цэхаў.
Рабочыя патрабавалі, каб кіраўніцтва прадпрыемства павысіла ім заробкі і выплаціла прэміі. Толькі пасля сустрэчы з начальствам яны вярнуліся на свае месцы.
Адзін з работнікаў завода паведаміў, што летась ён не атрымоўваў менш за 7 мільёнаў рублёў, а сёлета — каля 3 мільёнаў. Прэмія на прадпрыемстве не выплочвалася з верасня. Яе далі толькі перад Новым годам, дый тое не цалкам, кажа мужчына.
Старшыня прафкама Іосіф Мілашэўскі ў каментары onliner.by зніжэнне заробкаў патлумачыў, што заробкі знізіліся ў сувязі з падзеннем аб'ёмаў працы.
Ініцыятыўная група рабочых напісала заяву на адрас прафкама і дырэктара прадпрыемства. Пад гэтым дакументам свае подпісы пакінулі каля 120 чалавек.