Работнікаў фірмы ў Баранавічах на час змены зачынялі на замок у цэху
Ліст ад 34 работнікаў фірмы "Кіпер Фіш" атрымалі Генеральная пракуратура, Камітэт дзяржкантролю, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Работнікі прыватнага прадпрыемства па перапрацоўцы морапрадуктаў скардзіліся на невыносныя ўмовы працы, піша "Беларускі час".
Вытворчы цэх ТАА "Кіпер Фіш" знаходзіцца ў Баранавічах. Кіраўніцтва фірмы размяшчаецца ў Мінску.
Па словах работнікаў, пры прыёме на працу на рукі ім не выдавалі працоўную дамову. Людзі вымушаныя працаваць не 8, а 12-15 гадзін у дзень. "Звышурочныя ператвараюць у прэміяльныя, якія тут жа ўтрымліваюцца за нейкія надуманыя нястачы. Працаваць даводзіцца ў ірваным гумовым абутку (такі выдаюць), людзі хварэюць. Працэс перапрацоўкі рыбы не механізаваны, жанчыны цягаюць упакоўкі вагой па 45-50 кг. Больш за тое, рабочых запускаюць у цэх на пачатку змены, затым дзверы замыкаюць на ключ і толькі напрыканцы працоўнага дня адчыняюць", — гаворыцца ў іх лісце.
Старшыня Баранавіцкага міжраённага камітэта Дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Алег Данілаў заявіў, што пры праверцы не ўсе скаргі работнікаў пацвердзіліся. Аднак насамрэч выявілася "прыгоннае права": работнікаў сапраўды на час працоўнай змены замыкалі ў цэху. Таксама былі выяўленыя праблемы з аховай працы, выкананнем Працоўнага кодэксу, забеспячэннем спецвопраткай і спецабуткам.
Выявіла праверка і парушэнні пры выплаце заробку. Кіраўніцтву фірмы прапанавалі добраахвотна вярнуць работнікам незаконна ўтрыманыя сродкі.
Дзяржкантроль прыцягнуў кіраўнікоў "Кіпер Фіш" да адміністрацыйнай адказнасці. Паведамляецца, што патрабаванні па ліквідацыі выяўленых недахопаў фірма ўжо выканала.