Радзькоў: Інтэрнэт-парталы трэба прыраўнаць да СМІ
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі лічыць, што грамадства для гэтага ўжо саспела.
У Беларусі інтэрнэт-парталы павінны працаваць па тых жа законах, што і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. З такой заявай 11 снежня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня" выступіў Аляксандр Радзькоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Паводле слоў Радзькова, беларускае грамадства ўжо "паспела да таго, каб усе інтэрнэт-парталы па сутнасці з'яўляюцца сродкамі інфармацыі і павінны падначальвацца тым жа законам, што і газеты, афіцыйныя тэлепраграмы, радыё". Чыноўнік перакананы, што беларус мае права адкрыта выказваць сваё меркаванне, але грамадства павінна гэта рэгуляваць. Кожны чалавек павінен разумець, што за напісанае ў інтэрнэце трэба несці адказнасць.
"Гэта значыць мы павінны аднесці ўсе гэтыя інтэрнэт-магчымасці да афіцыйных СМІ", — цытуе словы Аляксандра Радзькова БЕЛТА.
Фота — Fotolia