Раманчук: “У Гродна ўлады пусцілі чуткі, што я гомасексуаліст”

Экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, эканаміст Яраслаў Раманчук расказаў Еўрарадыё, як ён патрапіў у “спіс апазіцыянераў, якія стануць дэпутатамі ПП”, як дамогся самых высокіх вынікаў на выбарах, навошта хацеў аддаць Гродна Літве і Польшчы адначасова, як нечакана стаў "гомасексуалістам" і чаго еўрапейцы баяцца больш, чым прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Еўрарадыё: “Напярэдадні выбараў шмат размоў было пра нібыта складзеныя ў Адміністрацыі прэзідэнта спісы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад апазіцыі, якія дакладна стануць дэпутатамі. Зараз кажуць, што гэтыя спісы складалі беларускія спецслужбы. Вы былі ў тым спісе. Як пачуваеце сябе ў ролі "стаўленіка спецслужб"?”

Раманчук:
“Я мяркую, што гэтыя спісы былі падрыхтаваныя не столькі спецслужбамі, колькі ў Адміністрацыі прэзідэнта. Таму, што ў нас краінай кіруюць не спецслужбы. Яны з’яўляюцца толькі інструментам, з дапамогай якога Лукашэнка і яго каманда праводзяць сваю палітыку.

Безумоўна, кожнае прозвішча ў гэтым спісе нешта азначала. Міхалевіч – з Фронту выйшаў, ён БНФ развальвае. Ляўковіча заслугі безумоўныя – ён Казуліна зняў з пазіцый. Нісцюк – чалавек, які хваліць Лукашэнку. Ну, а маё прозвішча там таму, як казалі мае сябры ў Польшчы, што я эканаміст, эксперт і каб карыстацца маімі ведамі і досведам эканамічнага аналізу. А яшчэ ўключылі мяне туды, каб дыскрэдытаваць. Маўляў, ёсць пяць чалавек і чаму ты там? Ніякіх кантактаў ні з кім па гэтых спісах у мяне не было.

Відавочна, нашы публікацыі, асабліва кніжкі “У пошуках эканамічнага цуда” і “Беларусь на разломе” (мы іх далі і ў Адміністрацыю прэзідэнта і ва ўрад) некага там уразілі і каб разбавіць спіс людзей, якія патрэбныя ім з пункту гледжання палітыкі, разбурэння апазіцыі, яны вырашылі далучыць некага, хто зрабіў бы за Палату, за Урад эканамічную працу.

У рэшце апынулася, што такія людзі ўвогуле не патрэбныя, тактыка змянілася і Лукашэнка прыняў рашэнне, што можна разлічваць на прызнанне Еўропы без таго, каб даваць нейкую плату. Тут ён ідзе па тым шляху, па якім даўно ідзе ў стасунках з Расіяй, гандлюючы палітычнымі фьючэрсамі, і з Еўропай гандлюе абяцанкамі, шантажуе, што Беларусь можа стаць часткай Расіі.

Расіі ён зусім іншую думку даводзіць і такім чынам спрабуе ўтрымацца на двух крэслах. Ад Расіі ён хоча ўнутраных коштаў на газ, сырую нафту, а гэта амаль 5 мільярдаў долараў у год яшчэ да тых, што мы сёння атрымліваем. А з Еўропай ён проста набівае цану. Маўляў, “калі я прызнаю Абхазію і Паўднёвую Асецію – гэта будзе адна цана, калі дазволю ўстанавіць нейкія элементу супрацьракетнай абароны – іншая.

Амерыканцы даюць Грузіі мільярд, чаму нам не можа Еўропа даць 5 за тое, што для яе я раблю геапалітычна і ў ваеннай галіне. Гэтая гульня відавочная і пры ёй не патрэбна ні апазіцыя, ні нейкія эксперты ў Палаце. Бо эксперты могуць рабіць рэформы, а гэта падыход не на рэформы.

Яшчэ – гэта Палата будзе той Палатай, якая будзе лігімітызаваць падзел маёмасці і актываў, што будзе ісці цягам наступных 4 гадоў. І таму вушы і вочы нават 1-2 дэпутатаў, якія разумеюць, што адбываецца, не патрэбныя. Таму Палата сфармаваная так, што там выключна тыя людзі, якія працавалі ў вертыкалі, тыя, хто прадстаўляе нейкія манапольныя эканамічныя структуры, жанчыны, якія гатовыя ісці на абарону існуючага ладу, а таксама “палатнікі”, якія за 20 хвілін могуць прыняць любы закон”.

Еўрарадыё: “Эксперты кажуць, што калі Беларусь прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію, то шляху на Захад ёй ужо не будзе…”

Раманчук: “Размаўляў я ўчора з экспертамі з Еўропы і Амерыкі. Яны кажуць, што калі нават Лукашэнка “прадасць” гэтае рашэнне Расіі, яно не будзе такім крытычным, як іншыя рашэнні, якіх яны вельмі баяцца. Гэта тычыцца размяшчэння на Беларусі нейкіх вайсковых частак і прыняцця законаў, якія б рэальна паскаралі яднанне Беларусі і Расіі. Гэта тая небяспека, якой баяцца еўрапейцы і Лукашэнка гэта разумее”.

Еўрарадыё: “Вяртаючыся да выбараў – у вас самы высокі адсотак атрыманых галасоў сярод іншых апазіцыянераў. Якія палітычныя ноў-хаў выкарыстоўвалі вы і ваша каманда падчас перадвыбарчай кампаніі?”

Раманчук: “Перш за ўсё, мы вырашылі выкарыстоўваць усе тыя магчымасці, якія стварыла ўлада і якіх да гэтага не было. Першы раз за 9 год у Гродна дазволілі праводзіць і мы правялі больш за 40 сваіх пікетаў - гэта 2-3 пікеты ў дзень. Калі ты стаіш, размаўляеш з людзьмі, раздаеш улёткі, тлумачыш свой пункт гледжання, праграму.

Мы распаўсюдзілі больш за 100 тысяч розных носьбітаў інфармацыі – і праграмы, і лісты, і запрашэнні на выбары, і газеты розныя. Такая інтэнсіўная кампанія прывяла да таго, што людзі мяне больш пазналі, пазналі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, пазналі, што мы не ідзем проста супраць Лукашэнкі. Тэмы Лукашэнкі, па сутнасці, не было на выбарах. Былі зусім іншыя тэмы, якія мы бралі ад людзей. Гэта і цэны, і дэпазіты, пенсіі, ахова здароўя, месца працы – стандартныя сацыяльна-эканамічныя тэзы.

Мы зрабілі прэзентацыю праграмы “Наша Гродзеншчына”, на якую запрасілі ўсіх і дзе былі прадстаўнікі абл- і гарвыканкамаў. Зрабілі прэзентацыю праграмы “За прадпрымальніцкую Беларусь”, якая была накіравана на прадпрымальнікаў Гродзеншчыны. Такім чынам, мы ахапілі ўсе значныя сацыяльныя групы. Я павінен быў атрымаць 65-70 адсоткаў галасоў. І тое, што “зрабілі” 30, гавораць пра тое, што менш апускаць нельга было”.

Еўрарадыё: “Затое, дзякуючы вашым апанентам і праціўнікам мы даведаліся, што вы здраднік Беларусі! Вы хацелі Гродна аддаць ці то Літве, ці то Польшчы, ці то абодвум гэтым дзяржавам адначасова. Пусці такога ў дэпутаты, дык ён аддасць Брэст Польшчы, Воршу – Расіі, а Палессе – Украіне”…

Раманчук:
“Упершыню, па сутнасці, быў такі чорны піяр ужыты, бо стандартныя рэчы, якія яны кажуць супраць апазіцыі, на мяне не дзейнічалі. Накшталт таго, што апазіцыя не канструктыўная, нічога не можа прапанаваць, з людзьмі не размаўляе і толькі па Захадах ездзіць і г.д. А я быў з людзьмі, гаварыў, праблемы людзей вырашаў і праграма мая называлася “Час новых рашэнняў” і “Гародня – горад сумленных людзей”.

І таму яны вырашылі праз чуткі, фальсіфікацыю і хлусню разбураць рэпутацыю. Потым яшчэ чуткі чуў, што, маўляў, прыехаў з Мінску хлопец, 42 гады, такі сімпатычны, а не жанаты. Што такое? Можа ён гомасексуаліст? У Гродна, дзе людзі веруючыя і ходзяць у царкву ды касцёл, гэта гучыць, як вялікая абраза”.

Еўрарадыё: “Напярэдадні выбараў вы атрымалі запрашэнне ўзяць удзел у праграме ОНТ “Выбар”. Але ў панядзелак раніцай запрашэнне адмянілі. На ваш погляд, як нарадзілася ў “чэснага” тэлебачання ідэя запрасіць вас, і што потым спарадзіла адмену?”

Раманчук: “Беларускае тэлебачанне выконвае функцыі тэлебачання Адміністрацыі прэзідэнта. Такіх рухаў яно не можа рабіць самастойна. Быў нейкі загад. Я параіўся ў суботу са сваімі сябрамі па партыі ці ісці і яны сказалі: “Добра, калі гэта будзе прамы эфір, распавесці людзям, што гэта за кампанія была, што нельга яе было прызнаваць дэмакратычнай і свабоднай”.

Відавочна, праслухоўваюцца мае тэлефоны, яны паслухалі і вырашылі, што не трэба яго запрашаць, бо і праўду нагаворыць чаго. А калі сцэнар выбараў ва ўладаў змяніўся і яны далі адмашку на план “Б”, калі 100% Палаты павінны быць прызначэнцы, то ўсё пайшло па сваёй каляіне.

Відаць, прыйшоў загад з Адміністрацыі прэзідэнта, а ОНТ, як паслухмяныя выканаўцы, перазванілі і сказалі, што не трэба мне ў гэтай праграме ўдзельнічаць. Згодна з тым, якая праграма было, мне і сапраўды не было чаго там рабіць. Такая імітацыя дэмакратыі нават прыхільнікам ужо абрыдла”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі