Салдата, які страляў па машыне каля мяжы з Беларуссю, адправілі пад арышт
Польскія салдаты на мяжы з Беларуссю
Гарнізонны ваенны суд у Ольштыне на тры месяцы адправіў пад арышт салдата, які ў п'яным стане страляў у цывільны аўтамабіль у Мельніку каля мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё.
Даніілу Х. інкрымінуюць замах на забойства, пагрозу злачыннага характару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
Абаронца салдата, адвакат Марэк Гаўрылюк сказаў, што яго падабаронны часткова прызнаў абвінавачанне: "Ён раскаяўся і папрасіў прабачэння за свае паводзіны. Але справа ў іншым. Гэта праблема з вызначэннем псіхічнага стану падазраванага ў момант здзяйснення дзеянняў, і гэтым трэба будзе займацца лекарам".
Як паведамлялася раней, інцыдэнт адбыўся ў другой палове дня 1 студзеня. 25-гадовы шараговец 18-й механізаванай дывізіі, які служыў на мяжы з Беларуссю ў рамках аперацыі "Бяспечнае Падляшша", уцёк са зброяй з лагера ў Мельніку. Ён спрабаваў спыніць на дарозе цывільны аўтамабіль.
У машыне ехалі бацька і яго дачка-падлетак. Падчас здарэння не пацярпелі. У акруговай пракуратуры расказалі, што дзяўчынка з аўтамабіля ўцякла. А калі кіроўца спрабаваў ад'ехаць ад вайскоўца, той стрэліў у машыну. Куля трапіла ў сядзенне, якое раней займала дзяўчынка.
Як паведаміў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба, агулам вайсковец зрабіў некалькі дзясяткаў стрэлаў з табельнай зброі — "не менш за 65".
Пасля гэтага салдат уцёк у бліжэйшы лес. Калі яго затрымалі, тэст паказаў амаль два праміле алкаголю ў выдыханым паветры.
Паведамляецца, што арыштаваны — шараговец 3-га Падгальскага стралковага батальёна. У красавіку 2024-га ён завербаваўся на добраахвотную службу, на мяжы з Беларуссю служыць ад пачатку снежня.
Калі яго прызнаюць вінаватым, хлопцу можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.