Рашэння прызыўной камісіі дастаткова, каб ухіліст стаў невыязным без суда

Як стала вядома Еўрарадыё, для таго каб патрапіць у спіс невыязных, дастаткова рашэння прызыўной камісіі. Так яны караюць тых, хто своечасова не з’явіўся ў ваенкамат. І не трэба ніякага рашэння суда. Як ужо раней паведамляла Еўрарадыё, Міністэрства абароны сумесна з іншымі адказнымі дзяржаўнымі ўстановамі актыўна папаўняе банк даных асоб, якім забаронена выязджаць за мяжу. І калі Мінюст дадае ў спіс невыязных тых, каму выязджаць забараніў суд, а МУС і пракуратура – каго невыязнымі вырашылі зрабіць следчыя, то ў вайскоўцаў такія рашэнні прымае прызыўная камісія без суда. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык.

Вячаслаў Раменчык: “Рашэнне прымае прызыўныя камісіі, якія фарміруюцца мясцовымі органамі ўлады. Прызыўная камісія -- гэта не орган Міністэрства абароны, але ў ёй бяруць удзел прадстаўнікі ваенных камісарыятаў”.

Праўда, па словах прадстаўніка Мінабароны, каб чалавека ўнеслі ў спіс невыязных, недастаткова таго, каб яму адзін раз не перадалі позву з рук у рукі. Камісія мусіць правесці расследаванне і даказаць, што прызыўнік спецыяльна хаваецца ад сустрэчы з прадстаўніком прызыўной камісіі.

Вячаслаў Раменчык: “З-за таго, што ён адзін раз позву не атрымаў, не значыць, што ён будзе ўнесены ў спіс. Толькі калі факт яго наўмыснага ўхілення ад прызыву будзе даказаны адпаведным чынам, будзе прынята і адпаведнае рашэнне”.

Няўлоўнага прызыўніка будуць шукаць не толькі дома, але і на працы. Калі спатрэбіцца – з міліцыяй. У які момант цярпенне прызыўной камісіі скончыцца і юнака вырашаць зрабіць невыязным, меркаваць цяжка. Але для таго, каб выезд за мяжу чалавеку быў перакрыты, не трэба ніякага рашэння суда. Хопіць і прызыўной камісіі. Далей рашэнне накіроўваецца ў Мінабароны. Адкуль аўтаматычна звесткі перапраўляюцца ў МУС і далей – памежнікам.

Назваць дакладную лічбу ўхілістаў, якіх ужо прызыўныя камісіі зрабілі невыязнымі, кіраўнік прэс-службы Мінабароны адмовіўся. Нібыта, гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Але кажа, што пакуль такіх людзей можна пералічыць па пальцах.

Вячаслаў Раменчык: “На сённяшні дзень гэта адзінкі. Нельга казаць нават пра нейкія там дзесяткі альбо адсоткі. Гэта адзінкі грамадзян”.

Для таго, каб вас з гэтага “чорнага” спісу выдалілі, дастаткова прыйсці ў ваенкамат і выканаць свой абавязак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі