Расісцкі скандал у беларускім футболе
Ён здарыўся на 83-й хвіліне матча чэмпіянату ў другой лізе паміж камандамі "Крумкачы" (Мінск) і "Нёман" (Масты).
Цёмнаскуры абаронца гаспадароў поля Нестар Эбабісе Моллі выслухаў абразы ад форварда гасцей Андрэя Балейкі. Суддзя быў побач і выдаліў апошняга з поля. У пратаколе запісана, што Балейка сказаў на адрас саперніка "нецэнзурны выраз". Пацярпелы кажа, што футбаліст з Мастоў яго абражаў "на расісцкай глебе".
Як інфармуе "Прессбол", Андрэй Балейка распавёў, што сапернік гуляў вельмі груба і ён ў адным з момантаў не стрымаўся. Таксама ён сцвярджае, што пасля матча камерунец Нестар Эбабісе Моллі падышоў да яго і ўдарыў у патыліцу, аднак у пратаколе гэты эпізод не адлюстраваны. Але суддзя адзначыў іншы момант, калі Моллі ўдарыў галавой гульца "Нёмана" Аляксандра Шота і той атрымаў траўму — рассячэнне пад вокам. Мяркуецца, што камерунец пераблытаў Шота з Балейкай.
Расследаваннем гэтага скандалу зоймецца дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола.
Фота — Прессбол