"Расія хоча раздзяліць Украіну". Палітолагі — пра перамовы Расіі і Украіны

Падчас перамоваў / БЕЛТА
Падчас перамоваў / БЕЛТА

Пачаўся другі раўнд перамоваў паміж Расіяй і Украінай. Мяркуючы па тым, што Украіну працягваюць бамбіць, пакуль яны беспаспяховыя. Еўрарадыё запыталася ва ўкраінскага, расійскага і беларускага палітолагаў, ці ёсць шанц, што перамовы прывядуць да заключэння міру, і якіх мэтаў для гэтага павінен дамагчыся кожны з бакоў.

“Россия хочет расчленить Украину”. Политологи — о переговорах России и Украины
Яўген Магда

Украінскі палітолаг: "Украінцы будуць спачатку знішчаць, а потым пытацца"

Дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда лічыць, што перамовы паміж Расіяй і Украінай будуць апрыёры цяжкімі. Таму што бакі стаяць на прынцыпова розных пазіцыях.

— Расія хоча раздзяліць Украіну і знішчыць як дзяржаву. Гэта ясна з заяў Пуціна. Украіна мае намер выжыць і на шляху да рэалізацыі гэтага ўжо знішчыла каля пяці тысяч акупантаў, — кажа эксперт. — Адмовіцца ад перамоваў цалкам, на мой погляд, нельга. Таму што Расіяй гэта будзе пратранслявана як нежаданне Украіны дамагацца міру. Яна будзе ў гэтым плане дэманстраваць, што яна больш канструктыўная.

Калі вы звернеце ўвагу, то і пасля першага раўнда перамоваў, і другога Расія наносіла ўдары па жылых кварталах, па тэлевышцы ў Кіеве, па Харкаўскай адміністрацыі. Яна спрабуе дэмаралізаваць Украіну.

І гэта, на мой погляд, сведчыць толькі пра тое, што Расія зусім не разумее Украіну. Ударыўшы па тэлевышцы, расіяне ўдарылі па Бабіным Яры, па месцы расстрэлу людзей у 1941 годзе. Але яны кажуць нам пра дэнацыфікацыю. Разумееце, які гэта парадокс? Наколькі ўсё з ног на галаву перакулена. Дамагчыся нейкага поспеху будзе складана.

Палітолаг лічыць, што Украіна проста абавязаная выстаяць. Таму што ўжо ведае, што, страціўшы сваю дзяржаўнасць, яна панясе проста мільённыя чалавечыя страты.

— Я ўжо нават не кажу пра тыя спісы, якія рыхтуюць расійскія агрэсары на выпадак перамогі. Каго яны будуць ліквідаваць з актывістаў, палітыкаў, журналістаў, усіх тых, хто за Украіну. Галадамор таксама, між іншым, быў пасля страты Украінай незалежнасці.

На думку эксперта, Украіне і Расіі патрэбны нейкі эфектыўны пасярэднік.

— Я разумею, чаму Расія не хацела, каб ім быў Рэджэп Эрдаган. Турцыя — сябра НАТА. Каго выбраць? Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш? Ён усё-ткі не такі вялікі лідар. Практычна ўвесь захад ад Расіі адвярнуўся, і яна будзе гаварыць пра несправядлівасць. Пасля таго як з тэрыторыі Беларусі сталі запускаць ракеты па жылых кварталах ва ўкраінскіх гарадах, Лукашэнка ўжо хаўруснік Пуціна. Ён не можа быць пасярэднікам.

Яўген Магда мяркуе, што Пуцін не чакаў такога адпору ад Украіны.

— Вы разумееце, што такое пяць тысяч трун? Ну добра, дапусцім, не пяць тысяч. Нейкую колькасць схаваюць, скажуць, зніклі без вестак. Тры тысячы прыязджаюць у Расію і раз'язджаюцца па ўсёй краіне. На фоне падзення рубля, на фоне сыходу найбуйнейшых кінакампаній, таго, што Расія становіцца ізгоем, — гэта моцны каталізатар. Нават ва ўмовах жорсткай цэнзуры і моцнай паліцэйскай дзяржавы незадаволенасць будзе моцная.

Я не стану казаць, што Пуцін проста ў паніцы, але Расія такога не чакала. У яе быў разлік на лёгкі шпацыр і тое, што іх будуць сустракаць з кветкамі. А цяпер і беларусаў хочуць ператварыць у гарматнае мяса. У мяне, напрыклад, на гэты конт ніякіх сумневаў няма. І за гэта адказнасць асабіста Лукашэнкі. Украінскія абаронцы ў гатунках захопнікаў не разбіраюцца. Яны будуць спачатку знішчаць, а потым пытацца.

Расійскі палітолаг: "Кіеву б больш самастойнасці, тады б не было такіх жорсткіх праблем у адносінах з Масквой"

Кандыдатка палітычных навук, кіраўніца некамерцыйнай арганізацыі "Крэатыўная дыпламатыя" Наталля Бурлінава кажа, што Расія агучыла даволі выразна, якіх дамоўленасцяў з Украінай яна хоча дасягнуць.

— Я магу гаварыць за расійскі бок, паколькі нашы ўлады агучваюць свае намеры. Ёсць выразныя пункты, якія расійскі бок кладзе на стол перамоваў з Украінай.

Па-першае, гэта пытанне аб нейтральным статусе краіны-суседкі. Уласна, яно галоўнае і сістэмаўтваральнае, звязанае ў тым ліку з вытокамі бягучай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны, — адзначае палітолаг. — Гэтае экзістэнцыяльнае для расійскай палітычнай эліты пытанне, для расійскай сістэмы бяспекі.

Нейтральнасць — гэта пытанне ўзаемаадносін Расіі і НАТА. А праз узаемаадносіны Расіі і НАТА — і ўзаемаадносін Расіі і ЗША. Мне здаецца, што гэты пункт прасцей за ўсё выконваецца.

Другое пытанне, на думку Наталлі Бурлінавай, — гэта пытанне Крыма. Прызнання яго ў складзе Расіі.

— Трэцяе пытанне, якое, напэўна, абмяркоўвалася, — гэта ідэалагічнае. Гэта звязана з тым, пад якім лозунгам цяпер Расія дзейнічае, — пытанне дэнацыфікацыі. Расіі патрэбна Украіна нейтральная, эканамічна квітнеючая, гатовая да эканамічнага супрацоўніцтва і з ЕС, і з Расіяй.

І вядома ж, у ідэалагічным сэнсе разнастайная, без дамінавання ідэалогіі заходніх абласцей, звязанай з культам Бандэры. Гэта не проста размовы для Масквы. Гэта вельмі важная рэч. І мне здаецца, на Захадзе ідэалагічны момант вельмі моцна недаацэньваюць.

Астатнія пытанні, як кажа экспертка, звязаныя з тым, як далей будзе функцыянаваць Украіна.

— Але падкрэслю, што Масква зыходзіць з легітымнасці бягучага прэзідэнта. Ніхто не рабіў заяў наконт таго, што ён павінен сысці або нейкім чынам трэба зняць яго, — працягвае суразмоўніца. — Што да ўкраінскага боку, мне гаварыць складана. Але думаю, што ўсе тыя пытанні, якія хвалююць Маскву, хвалююць і Украіну.

Калі Украіна і Расія ўпершыню сабраліся на перамовы на беларускай мяжы, расійскае войска бесперапынна бамбіла ўкраінскія гарады. Палітолаг мяркуе, што гэта рабілася таму, што Масква не ўбачыла з боку Кіева сур'ёзнасці ў падыходзе да перамоваў.

— І ўзровень дэлегацыі, і статус дэлегацыі, і нават вонкавы выгляд дэлегацыі дазволіў гаварыць пра тое, што Кіеў на цяперашні момант сур'ёзна да гэтых перамоваў не ставіцца. Масква адкрытая да перамоваў. Але ў Расіі не было ілюзій наконт таго, што тыя людзі, якія прыехалі ў Беларусь, не маюць патрэбнага статусу для таго, каб абмяркоўваць сур'ёзныя пытанні. Магчыма, гэта быў такі момант зацягвання для таго, каб нейкім чынам пераламаць ваенныя дзеянні.

Таму, разумеючы гэта, расійскі бок не прыпыняе ваенных дзеянняў, каб паказаць сур'ёзнасць сваіх намераў. Каб Кіеў, калі гэтыя перамовы працягнуцца, спадзяёмся на гэта, больш сур'ёзна падышоў да фармавання дэлегацыі і сутнасці пытанняў.

На пытанне, ці патрэбныя Расіі і Украіне пасярэднікі, якія б дапамаглі прыйсці да пагадненняў, якія будуць задавальняць абодва бакі, Наталля Бурлінава адказала так:

— Думаю, што так шмат праблем у Расіі з Украінай паўстала менавіта таму, што ў нашых адносінах было занадта шмат пасярэднікаў. І гэта застопарыла беспасярэдні дыялог. Я лічу, што цяпер Расіі і Украіне пасярэднікі не патрэбныя. І яны павінны сесці за стол перамоваў, гледзячы адно аднаму ў вочы, і абмеркаваць усё тое, што іх хвалюе.

А любыя пасярэднікі будуць толькі ўскладняць сітуацыю. Украіна зацягвала з выбарам месца перамоваў, часу, тым, як украінская дэлегацыя паедзе. Думаю, што гэта па-ранейшаму ў тым ліку і таму, што Кіеў кансультуецца, узгадняе пазіцыю, атрымлівае дабро на нейкія перамоўныя дзеянні ў калег з Вашынгтона. Кіеву б больш самастойнасці, вызначэння сваіх нацыянальных інтарэсаў, тады б не было такіх жорсткіх праблем у адносінах з Масквой.

“Россия хочет расчленить Украину”. Политологи — о переговорах России и Украины
Павел Усаў

Беларускі палітычны аналітык: "Вайна не скончыцца і перамовы ні да чога не прывядуць"

Палітычны аналітык Павал Усаў кажа, што пазіцыя Украіны ў сітуацыі, якая склалася, была дакладнай і яснай.

— Яны патрабуюць, акрамя неадкладнага спынення абстрэлаў і ваенных дзеянняў, вываду расійскіх войскаў з усіх акупаваных тэрыторый. Фактычна ўльтыматыўная форма перамоў. З боку Расіі таксама ўжо агучаныя пазіцыі, і неаднаразова. Гэта практычна капітуляцыя Украіны, дэмілітарызацыя, денацыфікацыя. Украінскае войска павінна скласці зброю. Адпаведна, у адстаўку павінна пайсці цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, і дыктаваць умовы, як будзе выглядаць Украіна пасля ўмоўнага падпісання міру, будзе ўжо Расія.

Ну і, адпаведна, па дробязях: прызнанне таго, што Крым ёсць Расіяй, мабыць, аўтаномія для Луганскай і Данецкай рэспублік. Думаю, такі набор патрабаванняў быў у бакоў на першых перамовах.

Маштабныя бамбаванні вялікіх гарадоў Украіны, пачынаючы ад Херсона, заканчваючы Кіевам, на думку аналітыка, пачаліся менавіта для таго, каб Расія магла прасоўваць сваю пазіцыю, прымусіць Украіну да саступак альбо частковага прыняцця ўльтыматуму, які быў вылучаны Пуціным і яго асяроддзем.

— Фактычна мы бачым, што Пуцін пачаў татальную вайну супраць украінскага народа.

Што да другога раўнда перамоваў, то я не думаю што яны ссунуцца з мёртвага пункта. Таму што трэба ўлічваць асаблівае становішча Пуціна. Для Пуціна саступкі або спыненне вайны без дасягнення нейкіх ключавых, пераломных тактычных мэтаў, напрыклад, хоць бы ўзяцце буйных гарадоў — Адэсы, Марыупаля, не кажучы пра Харкаў і Кіеў, азначае паразу. А параза ў вайне — гэта яго фізічная смерць.

Таму што тыя ваенныя злачынствы, якія здзейснілі рускае войска і кіраўніцтва, нават пасля заключэння перамір'я нікуды не дзенуцца. Расія застанецца краінай-агрэсарам.

Згортванне ваеннай аперацыі і далейшае паступленне інфармацыі пра тое, што адбывалася, прывядзе да ўнутранага выспявання непрадказальнай сітуацыі. Каб гэтага не дапусціць, якраз і праводзяцца зачысткі інфармацыйнага поля. Становіцца больш жорсткім заканадаўства. Яно становіцца татальна рэпрэсіўным. Татальная вайна якраз-такі прадугледжвае татальны кантроль над грамадствам.

Павел Усаў думае, што Расія працягне навязваць свае пазіцыі. Украіна застанецца на сваіх.

— Таму што ісці на нейкія кампрамісы з рэжымам не мае сэнсу. Гэта большая маральная параза, чым тыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва, якія ўжо на сёння ёсць. У гэтым выпадку яны будуць марнымі. Таму перамовы будуць насіць, хутчэй, фармальны характар без вываду расійскіх Узброеных сіл і з тэрыторыі Украіны, і з тэрыторыі Беларусі ў тым ліку. Нейкія далейшыя дыскусіі, пытанні пошуку спынення агню бескарысныя. Перш за ўсё таму, што спыненне агню і вывад рускіх войскаў з Украіны азначае канец рэжыму Пуціна.

Цяпер вельмі цяжка ўявіць, якім чынам Пуцін зможа ўтрымаць уладу і кантроль над сітуацыяй. Адбываецца інфармацыйная безмеж. Тым не менш для расійскага войска гэта фатальная параза. Плюс санкцыі не будуць скасаваныя гэтаксама хутка, як былі ўведзеныя, яны застануцца. Расія павінна заплаціць за свае злачынствы. Таму я думаю, што вайна не скончыцца і перамовы ні да чога не прывядуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі