Расія не наважваецца купляць ракеты ў Ірана, бо баіцца ATACMS — Financial Times
У Маскве баяцца гэтых ракет / mil.in.ua
Стала вядомая праўдападобная версія, чаму Расія не наважваецца купляць балістычныя ракеты ў Ірана. Як піша Financial Times, Масква не хоча правакаваць ЗША на пастаўкі Украіне дальнабойных ракет ATACMS. Па звестках выдання, Іран, які паставіў РФ сотні беспілотнікаў, гатовы быў перадаць і балістычныя ракеты. Разглядаўся варыянт абмену іх на сучасныя расійскія узбраенні. Сцвярджаецца, што "перамовы зайшлі ў тупік", паколькі абодва бакі пралічылі рызыкі для сябе ад такой здзелкі.
Ракеты ATACMS могуць наносіць удары на адлегласці да 300 км, і Украіна хацела б іх мець, каб наносіць удары па тых жа аэрадромах у РФ. Магчыма, што нават такая пагроза зменіць пазіцыю расійскага кіраўніцтва, бо ў Расіі востра адчуваецца недахоп ракет. "Расіяне знаходзяцца ў адчайным становішчы. Ім патрэбныя ракеты", — кажа суразмоўца выдання. Мяркуецца, што і Іран не адмовіць РФ, бо ў Захаду "няма эфектыўных рычагоў уздзеяння" на яго.
А пакуль устаноўкі HIMARS, якія мае Украіна, выкарыстоўваюць ракеты GMLRS. Яны наносяць удары на адлегласці да 80 км. Чакаецца, што ЗША перададуць (калі ўжо не перадалі) украінцам ракеты GLSDB, якія наносяць удары на адлегласці да 150 км.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.