Расія не змагла вывесці на арбіту ваенны спадарожнік, які рыхтавала 15 гадоў
Міжведамасная камісія фактычна прызнала страту спадарожніка двайнога прызначэння, які Расія 5 снежня спрабавала вывесці на арбіту.
Камісія была створаная пасля таго, як былі выяўленыя непаладкі з разгонным апаратам спадарожніка "Канопус-СТ". У выніку яго не атрымалася нармальна вывесці на арбіту.
Тым не менш сам запуск будзе залічаны як паспяховы, бо запушчаная з касмадрома ў Плясецку ракета "Саюз-2.1В" сваю задачу выканала. Спадарожнік, як інфармуе РБК, у бліжэйшыя 2-3 дні выбухне пры ўваходзе ў шчыльныя слаі атмасферы. На думку экспертаў, да Зямлі яго абломкі даляцець не павінны.
Па звестках газеты "Коммерсант", пры дапамозе "Канопуса-СТ" вайскоўцы хацелі весці разведку ў акіяне і, у прыватнасці, выяўляць падводныя лодкі ў пагружаным стане.
Спадарожнік распрацоўвалі з пачатку 2000-х гадоў. Афіцыйна ваенна-касмічныя войскі Расіі ніяк не каментуюць страту апарата.
Фота: samspace.ru