Расія вывела з тэрыторыі Беларусі амаль усе войскі — Памежная служба Украіны
Расійскі вайсковец / ТАСС
Расіяне вывелі з тэрыторыі Беларусі амаль усе свае войскі. Пра гэта заявіў на брыфінгу 8 верасня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
Новыя падраздзяленні расійскіх войскаў у Беларусь апошнім часам не прыбывалі, адзначаюць украінскія памежнікі.
Дземчанка нагадаў, што Беларусь выкарыстоўваецца як пляцоўка для навучання мабілізаваных расіян. Паводле яго звестак, апошнія месяцы ў нашай краіне пастаянна знаходзіліся 10-11 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Тым часам "Беларускі Гаюн" канстатуе, што з Беларусі вывелі ўсю расійскую вайсковую авіяцыю. Авіяцыйная група, якая ўваходзіла ў склад рэгіянальнай групы войскай, была выведзеная яшчэ 5 жніўня. Як паведамлялася, тады з аэрадрома "Мачулішчы" на аэрадром "Сешча" (Бранская вобласць Расіі) паляцелі 11 верталётаў (чатыры Мі-8 і сем Мі-24), а з аэрадрома "Баранавічы" ў РФ накіраваліся 9 знішчальнікаў Су-34 і Су-30см.
На 1 верасня ў Беларусі заставаўся толькі адзін расійскі штурмавік Су-25. Ён прыляцеў у Мачулішчы 25 ліпеня, а 31 жніўня перабазаваўся на аэрадром у Ліду.
Паводле звестак "Беларускага Гаюна", у Беларусі засталося каля 2100 расійскіх вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.