Расіяне з памежнай зоны: "Беларусы ездзяць да нас нячаста"

Расіяне з памежнай зоны: "Беларусы ездзяць да нас нячаста"

Жыхары расійскіх вёсак, якія знаходзяцца ля мяжы з Беларуссю і якія раптам апынуліся ў памежнай зоне, не ў курсе апошніх навінаў. Пра тое, што 7 лютага Расія ўводзіць рэжым памежнай зоны, яны даведваюцца ад Еўрарадыё.


"Першы раз пра гэта чую", — кажуць паштаркі з вёсак Любавічы і Клярынава Смаленскай вобласці. Чаго чакаць ад новых крокаў расійскіх уладаў, больш гаварлівая жанчына з Любавічаў разважаць не бярэцца. Распавядае, што беларусы ў іх вёску заязджаюць рэдка, хаця машыны з нашымі нумарамі, бывае, дзе-нідзе на трасах вобласці сустракаюцца, ды і ў Смаленску іх можна сустрэць. У Беларусі паштарка была даўно: раней з сям'ёй ездзілі часцей, да радні ў Оршу, цяпер з гэтым не часцяць.


Супрацоўнік крамы ў Мікалаеўцы распавядае Еўрарадыё, што беларусы даўно нічога ў яго не набывалі. Ды і сам ён перастаў ездзіць да беларускай радні, якая жыве ў раёне Дуброўна.


"Не ведаю, наколькі гэта ўсё будзе складана, але думаю, што будзе лішняя праблема, — разважае мужчына. — Цяпер, калі трэба, сабраліся і паехалі без ніякіх дазволаў і афармленняў".

Праўда, праблемаў з выездам у жыхароў памежнай зоны быць не павінна. Яны могуць з'явіцца ў... беларускай бабулі, якая пойдзе па грыбы ў Беларусі і выпадкова трапіць на расійскую тэрыторыю: цягам 48 гадзін яе асобу могуць высвятляць у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях РФ.


А яшчэ, згодна з новымі правіламі, беларусам давядзецца паказваць дакументы на спецыяльных пунктах пропуску на аўтадарогах і ў цягніках.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі