Расіянін арганізаваў у Беларусі наркалабараторыю (фота)
29-гадовы расіянін арганізаваў у Беларусі наркалабараторыю. Яна знаходзілася ў адной з вёсак Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Там мужчына, які мае від на жыхарства ў нашай краіне, жыў са сваімі бацькамі.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, зламысніка затрымалі на тэрыторыі вёскі Вялікі Трасцянец Мінскага раёна (яна знаходзіцца ў 2 км ад МКАД). Ён спрабаваў прадаць партыю наркотыкаў. Пры ім знайшлі пакеты з 3,5 грамамі амфетаміна і 1 грамам марыхуаны. Грам амфетаміна мужчына прадаваў за 700 тысяч рублёў.
Пасля затрымання расіяніна праваахоўнікі праверылі яго месца жыхарства і знайшлі ў хляве наркалабараторыю. Сярод іншага, там знаходзіліся 5 грамаў амфетаміна і 20 грамаў высушанай марыхуаны.
Фота: uvd-mo.gov.by