Расійскім дыпламатам могуць абмежаваць перамяшчэнні ўнутры ЕС
Аўтамабіль расійскай дыпмісіі
У ЕС могуць увесці абмежаванні на перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў — ім дазволяць быць толькі ў краіне знаходжання. Дадаць такую меру ў 12-ы пакет санкцый прапанавала Чэхія, піша выданне Financial Times. Прага прапанавала выдаваць расійскім дыпламатам візы і віды на жыхарства, якія дазвалялі б ім падарожнічаць толькі ўнутры краіны знаходжання, а не ва ўсёй шэнгенскай зоне.
Выданне адзначае, што цяпер "краіны-чальцы ЕС абмяркоўваюць, ці ўводзіць абмежаванні на паездкі расійскіх дыпламатаў".
Раней кіраўнік еўрадыпламатыі Жазэп Барэль казаў, што 12-ы пакет санкцый супраць Расіі закране фізічных асоб і экспарт, у тым ліку алмазаў. Нагадаем, у праект гэтага пакета санкцый увайшлі таксама 11 беларусаў. Сярод іх — прадстаўнікі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Савета бяспекі, Мінабароны, а таксама шэраг ваенных начальнікаў. Гаворка ідзе пра візавыя санкцыі і замарозку замежных актываў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.