Расійскія вайскоўцы паставілі блокпасты на мяжы з Беларуссю

Мяжа Расіі і Беларусі / ria.ru
Мяжа Расіі і Беларусі / ria.ru

Пасты расійскіх вайскоўцаў з'явіліся на мяжы з Беларуссю. Пра гэта піша autonews.ru са спасылкай на аўтамабілістаў.

Напрыклад, аўтамабіліст са Смаленска паскардзіўся, што яго спынілі на так званым Віцебскім пераходзе за расійскім горадам Рудня.

"На мяжы стаіць блокпост, прычым раней яго не было. Расійскія вайскоўцы спыняюць усе машыны і просяць паказаць дакументы. Ва ўсіх асоб мужчынскага полу правяраюць пашпарты і просяць прайсці рэгістрацыю. Мне 65 гадоў, я ў войску-то ніколі не служыў па стане здароўя, у Беларусь езджу рэгулярна па лекі. Выключэння для мяне ніхто рабіць не стаў, давялося страціць час, пакуль запісвалі звесткі", — расказаў мужчына.

Іншы аўтамабіліст заявіў, што вайскоўцы паводзяцца карэктна і паважна. У яго, маўляў, паглядзелі дакументы, праверылі па нейкіх спісах і адразу адпусцілі. "Як я разумею, разварочваюць тых, хто атрымаў позву. У жанчын і дзяцей наогул дакументаў не патрабуюць", — дадае аўтаўладальнік.

На гарачай лініі па пытаннях мабілізацыі, якую адкрыў расійскі ўрад, карэспандэнту Autonews.ru заявілі, што грамадзянам з позвай на руках будзе забаронены выезд з Расіі. Усім астатнім ваеннаабавязаным расіянам перад паездкай рэкамендавалі спачатку звярнуцца ў ваенкамат па месцы жыхарства.

У Памежным камітэце Беларусі журналіста запэўнілі, што ніякіх абмежаванняў на ўезд расіян у краіну няма. Хіба што кіроўцам абавязкова патрэбная грын-карта. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі