Расійскія войскі выпусцілі па ўкраінскіх гарадах 75 ракет
Разбіты аўтамабіль у цэнтры Кіева / @UA_National_Police
Расійскія войскі раніцай у панядзелак выпусцілі па Украіне 75 ракет. 41 з іх сістэма СПА Украіны збіла. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны. Ён заклікаў грамадзян краіны заставацца ў сховішчах. "Узброеныя сілы робяць усё магчымае для абароны грамадзян", — падкрэсліў Залужны.
Выбухі сёння грымелі ў розных рэгіёнах Украіны ад Харкава і Дняпра да Львова. Ракеты падалі і на Кіеў. У сталіцы спынілі метро, станцыі выкарыстоўваюцца як сховішча. У розных рэгіёнах пачаліся праблемы з электразабеспячэннем.
Да ўкраінцаў звярнуўся прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. З яго слоў, мішэнямі расіян былі энэргааб'екты. "Яны прагнуць панікі і хаосу. Хочуць знішчыць нашы энергасістэмы. Яны безнадзейныя", — сказаў Зяленскі. Другой мішэнню, паводле яго слоў, былі людзі. "Спецыяльна выбралі такі час і такія мэты, каб зрабіць як мага больш шкоды", — сказаў Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.