Расшыфроўку “Тэхнічнага абслугоўвання” ў жыроўцы не разумеюць нават у ЖРЭА

З 2013 года ў квітанцыі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг дададзеная расшыфроўка, напэўна самага міфічнага пункта “Тэхнічнае абслугоўванне”. У дадатку 5 пунктаў і 14 падпунктаў, па якіх жыхары мусяць зразумець, за што ж яны плацяць грошы. Але нават уважлівае прачытанне гэтага спісу ніякай яснасці не прыносіць. Амаль у кожным пункце ёсць радок “іншыя”, насупраць якога, дарэчы, і размяшчаецца самая вялікая сума выдаткаў. Еўрарадыё на прыкладзе дома па вуліцы Багдановіча ў Мінску паспрабавала разабрацца, за якія такія “іншыя” паслугі мы плацім грошы.

“Апроч прапісаных асноўных выдаткаў, ёсць яшчэ і ўсялякія іншыя, — спрабуюць патлумачыць у планава-эканамічным аддзеле ЖРЭА Савецкага раёна, які і складае гэтую расшыфроўку. — Рамонт інструменту, заробак майстроў, накладныя выдаткі… такіх артыкулаў шмат, але для іх месца не прадугледжанае, таму ўсе яны і трапляюць ў “іншае””.

Больш за ўсё ўражвае чацвёрты пункт расшыфроўкі. Называецца ён “Іншыя выдаткі” і складаецца з падаткаў, амартызацыі нематэрыяльных актываў ды камісійных выдаткаў за прыём і пералічаныя плацяжы грамадзян… Само тое, што жыхары мусяць аплачваць усё гэта, спрэчна. Але самы вялікі па грошах падпункт у графе “іншае” — “іншае”!

“Артыкул 4.4 “Іншыя” ўключае выдаткі дапаможных вытворчасцяў (участак механізавання, участак дрэваапрацоўкі), выдаткі на ўтрыманне разлікова-даведкавых цэнтраў, выдаткі на падрыхтоўку кадраў, выдаткі па ахове працы працаўнікоў прадпрыемства, выдаткі на ўтрыманне побытавых памяшканняў для працоўных і інш”, — знаходзім тлумачэнне на сайце ЖРЭА. Бо расшыфраваць расшыфроўку для супрацоўнікаў установы стала сапраўдным іспытам. Некалькі чалавек некалькі хвілін аддана і без нерваў спрабавалі патлумачыць, што да чаго. Яны блыталіся, праглядалі дакументы, зноў блыталіся і ў выніку параілі скарыстацца сайтам ЖРЭА, дзе ў раздзеле “карысная інфармацыя для грамадзян” у самым нізе старонкі, за артыкуламі пра клапоў і кляшчоў ёсць падрабязнае апісанне выдаткаў па кожным пункце “Тэхнічнага абслугоўвання”.

“Калі вы жадаеце, то мы можам канкрэтна падняць дакументы па вашым доме і пазней стэлефанавацца, — раптам прапануе незвычайную паслугу чыноўніца. — Бо ў залежнасці ад тыпу самога дома “іншыя” падпункты могуць адрознівацца. Таму пакіньце свой нумар і я вам пазней пазваню”.

Замест гэтага пытаемся пра мэтазгоднасць такой расшыфроўкі. Жанчына прызнаецца, што за першыя 3 дні пасля з’яўлення расшыфроўкі асабіста ёй давялося тлумачыць, што да чаго не менш чым 200 грамадзянам. Бывалі нават выпадкі, калі жыхары раёна спрабавалі аплачваць суму, пазначаную ў дадатку да жыроўкі.

“Калі вы жадаеце ведаць маё стаўленне, то я лічу, што для жыхароў гэта калонка, дзе пазначаныя нумары і даты актаў, абсалютна неінфарматыўная, — дзеліцца меркаваннем супрацоўніца ЖРЭА. — Можа, сапраўды варта было б больш дэталёва расшыфраваць выдаткі, чым указваць нейкія даты і нумары актаў. Але гэта бачанне міністэрства, каб усё было больш празрыста. І мы рэгулярна сутыкаемся з тым, што многіх грамадзян такая расшыфроўка наадварот заблытала”.

Дарэчы, ў жыроўцы за травень расшыфраваныя выдаткі за красавік. То бок, каб зразумець, за якое Тэхнічнае абслугоўванне ты заплаціў, трэба пачакаць месяц. Улічваючы усё гэта, пытанне мэтазгоднасці такога дадатку застаецца адкрытым. А калі ўзгадаць, што з-за гэтай расшыфроўкі выдаткі на саму жыроўку выраслі ўдвая (бо паперы і чарніл цяпер трэба ўдвая больш), то лепей бы ўсё заставалася, як раней.

Але ёсць і карысная інфармацыя: месячнае тэхнічнае абслугоўванне шасціпад’езднага пяціпавярховага дому каштуе 12 154 000 беларускіх рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі