Ратавальнік Арцём Гаўручанок расказаў, як злавіў самазабойцу ў паветры
“Не памятаю, як скокнуў і ўхапіў за нагу. Наступны момант — я крычу хлопцам аб дапамозе, бо мог паляцець уніз".
Пра гэты цуд ведаюць, напэўна, усе. З брыля лоджыі на 19-м паверсе хацеў саскочыць 56-гадовы мужчына. Толькі дзякуючы ратавальніку чалавек застаўся жывы — у апошнюю секунду яго ўдалося схапіць за нагу і зацягнуць на дах.
Раніцай у панядзелак Арцём Гаўручонок працуе начальнікам варты ПАВЧ-26 Фрунзенскага раёна. Паразмаўляць з героем аказалася вельмі проста, разгаварыць — нашмат цяжэй. Вельмі сціплы чалавек. Арцём згадвае, як ўсё адбывалася на вуліцы Цімашэнкі. Ён адразу заўважыў чалавека, які сядзеў спінай да прорвы.
“Спачатку знізу спрабавалі з ім размаўляць, але было дрэнна чуваць. Тады пайшлі наверх. Дзверы былі, як ні дзіўна, адчыненыя — яны ўсе павінныя быць зачыненыя. Я так зразумеў, што чалавек рыхтаваўся. Яго дом за некалькі кіламетраў, і ён абышоў высоткі, бо шукаў адкрытыя дзверы. Хутка мы яго не схапілі б — перашкаджала адлегласць, таму пачалі размаўляць, чаму так здарылася. Ён казаў, што не еў тры дні, што перажывае, што прыносіць нязручнасці родным. У яго праблемы са здароўем, а дактары не маглі вызначыць прычыну. Ад гэтага ён пакутуе. Кажа, што перашкаджае жыць родным, і ў яго проста няма іншага выйсця”.
Па словах Арцёма, ратавальнікаў адмыслова не рыхтуюць размаўляць з людзьмі ў такіх сітуацыях. Так, праходзяць курсы, але такой грунтоўнай падрыхтоўкі, як у псіхолагаў, няма.
“Мы імкнуліся супакоіць яго, націснуць на тое, што ў яго трое дзяцей, казалі пра дарагія яму рэчы. Каб толькі ведаць тры такія фразы, якія абавязкова выратуюць чалавека! А тут кажаш і ніколі не ведаеш, як чалавек адрэагуе на твае словы. Гэта вельмі складана псіхалагічна. Я размаўляў і пракручваў у галаве сітуацыю, як дапамагчы чалавеку”.
Нечакана чалавек спытаў у Арцёма яго мабільны, бо яго тэлефон разрадзіўся, а ён хацеў патэлефанаваць родным, развітацца:
“Калі я перадаваў тэлефон, то паспрабаваў схапіць яго за руку, але ён адразу сказаў, маўляў, са мной не жартуйце так. Першаму патэлефанаваў роднаму брату, развітаўся з ім, той паспрабаваў яго адгаварыць. Потым патэлефанаваў жонцы, нешта ёй сказаў. Бліжэй, чым на адлегласць рукі, ён не падпускаў. Я зразумеў, што дзеці ўзялі трубку. Ён нават сказаў, маўляў, што вы адзін аднаму гэты тэлефон перадаеце. Пасля гэтых слоў я зразумеў, што гэта кропка... — Арцём змаўкае і ўжо не хутка працягвае размову. — Ён нахіліўся і... пайшоў уніз. Я не памятаю, як скокнуў і ўхапіў за нагу. Наступны момант — я крычу з усёй сілы хлопцам аб дапамозе. Мне дапамагаў камандзір аддзялення з 12-й часткі Валерый Мазоўка. Там не было ніякай апоры, і я мог паляцець уніз. А той хапаў мяне за рукі, каб я яго адпусціў…”
Чалавека выцягнулі, адвялі да “хуткай”, далі супакаяльнае.
“Ён не дзякаваў. Выратаваныя наогул рэдка дзякуюць, а ён казаў: чаго вы мяне выратавалі? Мне брат потым тэлефанаваў, дзякаваў вельмі, я сам таксама тэлефанаваў у бальніцу, дазнаваўся, як ён”.
Арцём і раней размаўляў з самагубцамі. Але такі выпадак з ім здарыўся ўпершыню.
“Дзяўчына была маладая — непадзеленае каханне. Тут усё па-іншаму было. Недзе ў душы, у падсвядомасці, я здагадваўся, адчуваў, што сітуацыя будзе няпростая, і думаў пра такі вынік”, — кажа Арцём.
Еўрарадыё: Што сказала ваша жонка, калі даведалася пра такое?
“Лаялася спачатку! Казала, чым я думаў, бо ў мяне самога двое дзетак. Малодшай сем месяцаў, старэйшай пяць гадоў. Потым, праўда, жонка адышла, супакоілася. Вядома, яна перажывала, пыталася, пра што я думаў. Але так не атрымліваецца — думаць пра сябе. Калі адпрацуеш столькі, ужо адчуваеш пакліканне. Тут гераічнага нічога няма. Гэта праца”.
Арцём родам з Полацка. Ён кажа, што заўсёды хацеў быць ратавальнікам. Спачатку вучыўся і працаваў у родным Полацку ў МНС на заводзе “Палімір”. Паступіў у камандна-інжынерны інстытут і пераехаў з жонкай у Мінск. Мае званне старшага лейтэнанта.