Раварыст з бітай: Не хацеў моцна біць пешахода, ударыў у выхаваўчых мэтах

Раварыст з бітай: Не хацеў моцна біць пешахода, ударыў у выхаваўчых мэтах

Раварыст Анатоль Грынкевіч, якога судзяць у Фрунзенскім судзе Мінска за збіццё пешахода, цалкам прызнаў віну. Свой учынак ён патлумачыў наступным чынам:

"У той дзень 19 чэрвеня я быў на працы, калі мне пазваніла жонка. Яна тады была цяжарная, на восьмым месяцы. Яна сказала, што дрэнна сябе адчувае. Я пачаў хвалявацца, бо дагэтуль у яе былі два выкідышы. Хутка паехаў дадому. Ехаў ад гандлёвага цэнтра “Сілуэт” на Харужай у кірунку Каменнай горкі. Было многа людзей на ходніках, я іх аб'язджаў.

Насупраць гандлёвага цэнтра “Скала” насустрач мне па веладарожцы ішоў хлопец, побач з ім дзяўчына. Я пачаў махаць яму, каб ён сышоў з дарожкі. Ён не сыходзіў. Пачаў крычаць. Ён таксама не рэагаваў. Паспрабаваў яго аб'ехаць, але зачапіў ручкай руля. Я ўпаў праз руль, пашкодзіў левы бок. Калі ачуняў, то ўбачыў, што хлопец сыходзіць. Я устаў, пачаў крычаць яму ўслед. Ён не рэагаваў. Я дагнаў яго, хлопец стаў у баксёрскую стойку. Я падумаў, што ён баксёр, дастаў біту — каб абараніцца. Спрабаваў высветліць, чаму ён не саступіў мне дарогу. Хлопец не адказваў. Тады я вырашыў напаследак ударыць яго бітай. Замахнуўся і ударыў. Не ўбачыў, куды. Хлопец упаў. Я вярнуўся да ровара. Я не хацеў моцна біць — атрымаўся ўдар сярэдняй сілы. У выхаваўчых мэтах. Хлопец не страціў прытомнасць. Ён варушыўся. Я паехаў да жонкі”.

Пацярпелы фатограф Васіль расказаў журналістам, што чакае для раварыста як мага больш жорсткага пакарання — 10 гадоў турмы, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды. Суму ён не называе. У суд пацярпелы прыйшоў з бацькам, бо яму толькі 17 гадоў.

Абвінавачаны Анатоль Грынкевіч сядзіць у клетцы. Яго дзеянні кваліфікуюцца следствам паводле ч.3 арт.339 (асабліва злоснае хуліганства). У яго месяц таму нарадзілася дзіця. За кратамі ён з 29 чэрвеня.

Раварыст з бітай: Не хацеў моцна біць пешахода, ударыў у выхаваўчых мэтах

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі