Разам з “Начнымі ваўкамі” ў Польшчу не пусцілі журналістаў НТВ
А байкерам параілі перасекчы мяжу з ЕС дзе-небудзь у іншым месцы.
Разам з калонай расійскіх матацыклістаў з клуба “Начныя ваўкі” ў Польшчу сёння не трапілі журналісты тэлекампаніі НТВ, якая асвятляла скандальна вядомы мотапрабег у гонар 70-годдзя Перамогі.
Як паведамляе сайт тэлеканала, журналістам не патлумачылі прычыну адмовы. Байкерам жа выдалі індывідуальныя рашэнні аб адмове ва ўездзе, у якіх ёсць спасылка на закон Польшчы аб замежніках. Згодна з гэтым законам, адмовіць ва ўездзе можна асобам, якія ўяўляюць небяспеку для краіны і для захавання грамадскага парадку.
Раней польскія памежнікі завярнулі калону з 11 байкераў з Расіі. Цяпер байкеры адпачываюць у Брэсце. 28 красавіка яны правядуць прэс-канферэнцыю ў мясцовым генконсульстве Расіі. Магчыма, што яны паспрабуюць трапіць у Еўрасаюз праз Літву ці Латвію.
Заўтра ж чакаецца прыезд у Брэст лідара “Начных ваўкоў” Аляксандра Залдастанава (“Хірурга”), які з’яўляецца таксама ініцыятарам руху “Антымайдан” і ўваходзіць у лік расіян, якія трапілі ў “чорны спіс” ЕС.
Фота: RIA.ru