Разынкі і эклеры з плесняй ды хімічны посуд прадавалі ў гомельскіх крамах
Прысмакі з плесняй і хімічны посуд выявілі ў крамах Гомельскай вобласці праверкі, якія ладзіў Дзяржаўны санітарны нагляд. Агулам за лістапад было выяўлена больш за 10 выпадкаў продажу няякасных імпартных тавараў, паведамляе прэс-служба абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Плесню праверка знайшла ў двух гатунках разынак з Узбекістана, а таксама расійскіх таварах — двух відах гарбаты (ліставой і пакетаванай) і чырвоным молатам перцы. Акрамя таго плесня знайшлася ў расійскіх заварных эклерах з тварожным крэмам і ўкраінскіх вафлях "Ражок".
Кітайская дзіцячая цацка "Паветраны пластылін" выдзяляла ў ваду павышаную норму фармальдэгіду і фенолу. Таксама павышаную норму хімічных рэчываў вылучалі расійскія прадуктовыя каўшы і чэшска-кітайскія металічныя формы для выпякання з антыпрыгарным пакрыццём.
Свежыя гуркі з Валгаградскай вобласці Расіі перавышалі норму па нітратах амаль у два разы (858 мг/кг пры норме не больш за 400 мг/кг). Расійскія кансервы і прэсервы са скумбрыі не адпавядалі норме паводле паху і выгляду.
Дзяржсаннагляд Гомельшчыны загадаў зняць з продажу гэтыя тавары і не дапускаць іх далейшага абароту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.