Re1ikt афіцыйна выдалі DVD і перавыдалі альбом

У гурта Re1ikt з’явіўся канцэртны DVD з прэзентацыі альбома “Рэкі прабілі лёд”, якая праходзіла ў мінулым годзе ў сталічным Re:Public. Дыск пад назвай Kryhachod музыкі выдавалі і раней, але самастойна і невялікім накладам, які вельмі хутка разышоўся. Таму, калі ўзнікла неабходнасць перавыдання альбома, бо за год каля 500 асобнікаў папярэдняга выдання цалкам раскупілі. Было вырашана афіцыйна выдаць і відэа.

15 лістапада музыкі адзначаць гэта вялікім сольным канцэртам, які да таго ж стане своеасаблівым падвядзеннем вынікаў гадавой працы гурта.

“За гэты час было шмат чаго зроблена, — распавядае бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка. — Мы ўдзельнічалі ў шматлікіх фестывалях у Польшчы, таксама ў нас быў “Будзьма-тур” па Беларусі, цяпер плануем зрабіць яшчэ і другую частку, удзельнічалі ў беларускіх фэстах, такіх буйных, як “Камяніца”… І вось цяпер разумеем, што ўжо трэба запісваць новы матэрыял і рыхтавацца да новага альбому. Таму і вырашылі падвесці нейкую пэўную рысачку пад зробленым”.


Дарэчы, гэта будзе першы вялікі сольнік гурта з часу прэзентацыі альбома. Падчас канцэрту музыкі выканаюць акустычную і электрычную праграмы. Абяцаюць сюрпрызы і запрошаных музыкаў, але самае галоўнае, напэўна, тое, што пошукі вакаліста, якія цягнуліся амаль год, нарэшце скончаныя. Былы голас каманды Уладзімір Казлоў зноў у складзе Re1ikt.

“Мы ведаем, што жыццё такая складаная рэч, што-заўгодна можа адбыцца. Але тая атмасфера, якая цяпер ёсць у калектыве, яна вельмі сяброўская, добрая, станоўчая і працоўная — разважае лідар гурта пра тое, ці назаўсёды вярнуўся Вова. — Проста, напэўна, нам быў патрэбны нейкі перапынак, мы яго зрабілі і зразумелі, што хочам граць і спяваць разам”.


Канцэртнік “Kryhachod”, як і перавыданне альбома “Рэкі прабілі лёд”, хутка з’явяцца ў музычных крамах. Таксама дыскі можна будзе набыць і на канцэрце Re1ikt, які, між іншым, будзе абсалютна бясплатным.

15 лістапада гурт Re1ikt у Re:Public падтрымаюць лідары беларускіх гуртоў Rokash і Vuraj Паліна Дулінец і Сяргей Долгушаў. Таксама чакаюцца шоў ад экстрым-тэатра "Берсерка" і арт-праекта "Ілюзіён".

Пачатак: 19:00. УВАХОД ВОЛЬНЫ!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі