“Рэфармуем сістэму разам”: беларусы вырашылі спыніць дэградацыю адукацыі

“Рэфармуем сістэму разам”: беларусы вырашылі спыніць дэградацыю адукацыі

“Калі адукацыйныя ўстановы застануцца без аўтаноміі, якая дазваляе самастойна развіваць сваю стратэгію, палітычныя гульцы змогуць выкарыстоўваць іх у сваіх кан’юнктурных мэтах, і мы атрымаем не сістэму адукацыі, а цырк, які пераязджае з адной палітычнай кан’юнктуры ў другую”, — заўважае філосаф, выкладчык і аналітык Андрэй Лаўрухін.

Напярэданні новага навучальнага года Свабодны прафсаюз Беларусі заклікаў спыніць дэградацыю беларускай адукацыі і прапанаваў грамадзянам краіны ўдзельнічаць у абмеркаваннях новага праекта Кодэкса аб адукацыі, які можа быць прыняты на працягу наступных трох месяцаў. Сумесна з незалежнымі экспертамі прафсаюз распачаў кампанію “Рэфармуем сістэму адукацыі разам!”

У размове з Еўрарадыё Андрэй Лаўрухін расказвае, што гэта за кампанія, як да яе далучыцца і якія адукацыйныя праблемы трэба вырашаць у першую чаргу. 

 

Андрэй Лаўрухін: Ініцыятыва з’явілася даўно: Грамадскі Балонскі камітэт неаднаразова заклікаў да рэформаў, таксама пытанне на розных узроўнях падымала каманда Уладзіміра Мацкевіча.

Зараз ідзе інтэнсіўная работа экспертаў "ЕўраБеларусі" і Цэнтра еўрапейскіх даследванняў ў рамках праекта Belarusian Education on the Road of Change. Офіс па адукацыі Святланы Ціханоўскай таксама працуе над планам падрыхтоўкі рэформ. Часткай гэтай працы стаў аналіз Кодэкса аб адукацыі.

Сёння атрымалася такая канстэляцыя, калі гэтыя заклікі могуць дайсці да галоўных удзельнікаў сістэмы адукацыі: студэнтаў, бацькоў, працадаўцаў, выкладчыкаў і, мабыць, нават да адміністрацыі, у якой яшчэ ёсць розум і сумленне.

Мы бачым, які недабор сёння ў беларускіх ВНУ. Да гэтага назіралі за тым, як школа адрэагавала на пандэмію: яна была цалкам непадрыхтаваная да пераходу на дыстанцыйны фармат навучання. Таксама ёсць вынікі даследавання, дзе адзначана, што шмат вучняў не спраўляюцца з крэатыўнымі заданнямі падчас тэстаў. 

Яшчэ я б згадаў пытанні маральнага вобліку і сацыяльнай адказнасці нашых настаўнікаў, якія сталі на ўвесь рост менавіта пасля прэзідэнтскіх выбараў 2020 года. Вельмі шмат настаўнікаў фальсіфікавалі выбары, і нават калі былі злоўленыя за руку, не прызнаваліся, а беглі ад гэтага, хаваліся, нібы можна ад гэтага кудысьці схавацца. 

Вось гэтыя ўсе пытанні сталі актуальнымі і, галоўнае, відавочнымі менавіта зараз. Такім чынам, у нас з’явілася матывацыя, каб усё ж звярнуцца да гэтых праблем і знайсці з іх нейкае выйсце — сцэнары рэформаў, якія можна будзе прымяніць да гэтай сітуацыі.

Еўрарадыё: Якую праблему, на ваш погляд, трэба вырашыць у першую чаргу? 

Андрэй Лаўрухін: Першая праблема, якая ляжыць на паверхні, — палітычная інструменталізацыя сістэмы адукацыі. Гэта значыць, што адукацыйныя ўстановы і ўсе людзі, якія там працуюць, выкарыстоўваюцца палітычнымі ўладамі ў якасці інструмента для дасягнення кан’юнктурных палітычных мэтаў. Калі Кодэкс аб адукацыі, які зараз збіраюцца прыняць, будзе зацверджаны ў тых версіях, якія прапануюцца, то гэты працэс прыме легітымны характар. 

Мэты могуць змяняцца: напрыклад, сёння трэба, каб прагаласавалі, заўтра — каб пайшлі на нейкі мітынг, і гэтак далей. 

Калі мы не вырашым гэту праблему, астатнія вырашаць будзе, безумоўна, цяжка. 

Ёсць і іншыя пытанні, з якімі згодны нават улады. Напрыклад, што рабіць з працаўладкаваннем выпускнікоў ВНУ? Праблема не вырашаецца праз разузгадненне рынку адукацыі і рынку працы. 

І адзіны інструмент, якім сёння спрабуюць яе вырашыць у дзяржаве, гэта прымусовае размеркаванне выпускнікоў. Але так праблема робіцца толькі мацнейшай. Найбольшае размеркаванне сёння тычыцца тых галін эканомікі, дзе самы вялікі кадравы голад. Людзі бягуць з прадпрыемстваў, дзе няма добрых заробкаў і перспектываў для развіцця.     

         

Еўрарадыё: На працягу найбліжэйшых месяцаў ініцыятары кампаніі плануюць прымаць прапановы ад работнікаў адукацыі, іншых грамадзян краіны і дэталёва абмяркоўваць кожную тэму. Раскажыце, як гэта будзе адбывацца? 

Андрэй Лаўрухін: Па-першае, усе нашы прапановы ёсць на сайце рэформаў. Там апісваюцца праблемы, якія трэба вырашаць, і для большага разумення прыводзяцца аргументы. Мы прапануем шэраг крокаў вырашэння, а таксама — праўкі ў Кодэкс аб адукацыі, каб надаць гэтым крокам юрыдычную моц і здзяйсняць рэформы. Там жа ёсць кантакты для адваротнай сувязі: можна неяк адрэагаваць на нашы прапановы. 

Па-другое, мы плануем праводзіць міні-канферэнцыі ў зуме ці стрымам. Ахвотныя змогуць прыняць удзел: крытыкаваць ці задаваць нейкі свой парадак. Мы адкрытыя да дыялогу. Галоўная мэта — падвышаць наш узровень разумення сутнасці праблемаў. 

Гэта патрэбна, каб мы сталі больш кампетэнтнымі і разумелі магчымыя наступствы, калі рэформаў не будзе. А таксама — каб бачыць, калі нехта выдае прапаганду за рэформы.

 

Еўрарадыё: Як рэагуюць людзі на вашу ініцыятыву?

Андрэй Лаўрухін: Ёсць запыт на вырашэнне шэрагу праблемаў, але кожная з іх сфармулявана па-свойму, і ў людзей часам няма цэласнага асэнсавання таго, што гэта за праблема. Тым часам шэраг гэтых праблемаў мае сістэмныя карані і, мабыць, сістэмныя адказы. У гэтым і разбіраемся.

 

Еўрарадыё: Вось вы збераце пытанні, прапановы, напішаце, мабыць, абмяркуеце яшчэ раз. Што будзеце рабіць далей?   

Андрэй Лаўрухін: Мы глядзім на сітуацыю, якая зараз складваецца. Праз тры месяцы прапануецца прыняць новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Мы планавалі даслаць нашыя прапановы па Кодэксе парламенту. 

Ці можна спадзявацца, што ўлады адрэагуюць канструктыўна на нашы прапановы, пытанне спрэчнае. У сетках ужо шмат крытыкі, маўляў, мы спрабуем весці дыялог с тымі, з кім немагчыма, і ў прынцыпе — з тымі, хто да дыялогу не здольны і не мае ніякіх маральных правоў, каб яго весці. Тым не менш усе палітычныя пытанні вырашаюцца трыма шляхамі: рэвалюцыя, паўстанне ці рэформы. 

Рэвалюцыі, на мой погляд, у нас не атрымалася. Паўстанне — было, але яно прывяло да таго, у чым мы зараз знаходзімся. Таму ў актуальнай сітуацыі застаецца толькі адзін шлях — і гэта рэформы. Рэформы заўжды былі і будуць кампрамісам, таму, як бы мы зараз ні былі настроеныя, мы павінны нешта рабіць. 

Калі мы прапануем нейкія рэформы, трэба перш за ўсё знайсці разуменне сутнасці праблемаў, паразуменне паміж намі ўсімі. Гэта стане гарантам, што, калі прыйдзе час рэформаў, магчыма, у больш спрыяльны палітычны перыяд, мы будзем да гэтага гатовыя. 

Калі будзем непадрыхтаваныя і пачнём спрачацца, зноў страцім час: акенца зачыніцца і мы зноў будзем упадаць у беспадстаўныя скаргі. На гэтым час рэформаў, магчыма, скончыцца.         

 

Еўрарадыё: Што вы маглі б пажадаць усім, хто працуе ў сістэме адукацыі Беларусі, а таксама — тым, хто яе атрымлівае.

Андрэй Лаўрухін: Я б пажадаў, каб усе займаліся адукацыяй. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні — не страчвалі асалоды ад ведаў, асалоды ад адукацыйнага працэсу. Калі свет не пашыраецца дзякуючы адукацыйнаму працэсу, значыць, нешта не так.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі