44 мільёны кібератак на ўрадавыя сайты, паспяховая — адна
На працягу апошніх пяці дзён хакеры распачалі сапраўдную вайну супраць Ізраіля.
Урадавыя сайты гэтай краіны вытрымалі дзясяткі мільёнаў (!) кібератак. Як паведамляе Reuters, паводле словаў міністра фінансаў Ізраіля Юваля Штайніца, толькі адна спроба была паспяховай, але ўжо праз 10 хвілін сайт ураду ўдалося запусціць.
Найбольш кібератак "адбілі" сайты, звязаныя з абаронай, на другім месцы — вэб-сайт прэзідэнта Ізраіля (10 млн атак), на трэцім — МЗС (7 мільёнаў). Паведамляецца, што хакеры працуюць з розных кропак планеты, але найбольш — з тэрыторыі Ізраіля і бліжэйшых краін.
Нагадаем, Ізраіль працягвае вайсковую аперацыю, мэтай якой з'яўляецца знішчэнне ў сектары Газа баевікоў і іх інфраструктуры. Ізраільская авіяцыя наносіць кропкавыя ўдары, у адказ ляцяць ракеты. Дзясяткі чалавек загінулі, сотні параненыя. МЗС Беларусі рэкамендуе грамадзянам нашай краіны ўстрымацца ад паездак у Ізраіль.