47 затрыманняў, 2 паламаныя камеры і адзін фінгал

“На жаль, гэта нашы ўмовы працы. Камусьці даюць малако за шкоднасць, а камусьці разбіваюць аб’ектыў”, – кажа фотакарэспандэнт Антон Матолька. Гэтым разам супрацоўнікі міліцыі разбілі аб’ектыў яго фотакамеры:

“Тры хлопцы ў спартыўнай вопратцы з брытымі галовамі і спартыўнымі сумкамі адкрылі чахол, дзе ляжаў мой аб’ектыў, ён выпаў на зямлю. І адзін з гэтых хлопцаў пачаў таптаць яго нагамі. Пасля ён жа пачаў чапляцца да журналістаў, крычаць на іх”.

Упершыню супраць журналістаў быў ужыты нават слезацечны газ. Людзі ў цывільным яго пырскалі проста ў твар журналістам.

Матолька: “Слезацечны газ ужываўся некалькі разоў: ля прывакзальнай плошчы і на вуліцы Кірава. У мяне ёсць на здымках твар чалавека канкрэтна з балончыкам газа ў руцэ, калі ён спрабуе перашкодзіць працы журналіста”.

Людзі ў цывільным нават б’юць журналістаў, але так, каб гэта было незаўважна, працягвае Матолька:

“Стандартная практыка ўдарыць па печані, нырках, у пахвінную вобласць, каб гэта было незаўважна, але дзейнічала. Гэта выкарыстоўвалася ўжо на трох акцыях, калі білі журналістаў”.

У абед 3-га ліпеня ля стэлы быў затрыманы і карэспандэнт нашага радыё Павел Свярдлоў. Амаль да ночы яго пратрымалі на Акрэсціна, але каля 23 гадзін выпусцілі на волю. Дарэчы, Пашу затрымлівалі на кожнай “маўклівай” акцыі, дзе ён працаваў:

“Такое ўражанне, што першымі закрываюць і перашкаджаюць жыць менавіта журналістам, а ўжо пасля разбіраюцца з удзельнікамі акцыі, калі ўжо журналісты не могуць нармальна гэта зафіксаваць. Мяне затрымлівалі на абедзвюх маўклівых акцыях, на якіх я быў. Але ж мы ходзім не на маўклівыя акцыі, а на працу!”

Цікава, што ў пастарунку, дзе Паша правёў палову дня, таксама былі і журналісты дзяржаўных СМІ! “Транспартнага весніку” і “Сталічнага транспартніка”.

Свярдлоў: “Наколькі я ведаю, іх таксама прывезлі на Акрэсціна і, відаць, ноч яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў”.

Найбольш брутальныя затрыманні адбываліся на плошчы ля чыгуначнага вакзала. Там затрымалі фотакарэспандэнтку Юлю Дарашкевіч. Пасля яе асабіста "вызваляў" прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

Дарашкевіч: “Я адчувала слезацечны газ, пяршыла ў горле, быў моцны кашаль. Мяне затрымалі разам з іншымі, некаторыя людзі ляжалі ў аўтазаку на падлозе, затрыманні былі вельмі жорсткія. Потым у РУУС прыехаў прэс-сакратар ГУУС Ластоўскі, і мяне адпусцілі. Гэта стала добрай традыцыяй — спачатку жорстка затрымліваюць журналістаў, ламаюць ім апаратуру, пасля ва ўчастак увесь у белым прыязджае спадар Ластоўскі і разбіраецца”.

А вось у аператара БелаПАН Васіля Сямашкі нараканняў на міліцыю гэтым разам няма. Магчыма, пасля таго, як у мінулую сераду яму разбілі галаву, іх пачало мучыць сумленне, кажа журналіст.

Сямашка: “Трэба сказаць, што ўчора ў адносінах да журналістаў міліцыя сябе паводзіла трошку больш мякка, чым у сераду. Ва ўсякім разе, у адносінах да сябе я не магу сказаць нічога дрэннага. Магчыма, некаторых мучыла сумленне, што мне ў сераду разбілі лоб. Некаторыя з кіраўніцтва міліцыі цікавіліся, як у мяне здароўе, прасілі быць больш асцярожным. Ну, і я трошку больш трымаў дыстанцыю, таму ў мяне ўсё было нармальна”.

Васіль Сямашка на акцыі 29 чэрвеня.

На вачах у Васіля Сямашкі разбілі камеру фотакарэспандэнтцы Ксеніі Авімавай. Па яго словах, аб’ектыў такой камеры каштуе каля 1,5 тысячы долараў. Як усё адбывалася распавяла Еўрарадыё сама Ксенія.

“У першую чаргу супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі закрываць аб’ектывы, каб закрыць ад журналістаў “карцінку”, каб мы нічога не маглі зняць. Я бачыла, як маіх калегаў штурхалі, спрабавалі апусціць аб’ектывы камераў уніз. Адзін незразумелы чалавек паставіў мне падножку. У выніку я ўпала і паламала аб’ектыў”.

Апошнім часам перашкаджалі працаваць канкрэтна, з матам, кажа Ксенія. Па яе словах падножкі ставілі не толькі ёй, але і калегам таксама. Журналістка заўважае, што, магчыма, будзе пісаць скаргу.

Ксенія Авімава: “На жаль, я не заўважыла твару чалавека, які паставіў мне падножку, але я буду праглядаць здымкі сваіх калегаў. І калі я знайду гэты момант, дзе будзе бачны твар, і мы зможам устанавіць асобу гэтага чалавека, то, вядома, я буду пісаць скаргу, буду кансультавацца з юрыстам, што рабіць. Бо сёння яны ставяць падножкі, а заўтра пачнуць усіх біць”.

 Ксенія Авімава. Фота: Сяргей Балай, "Салідарнасць"

Еўрарадыё запытала намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, ці будзе БАЖ пісаць скаргі ў пракуратуру, але, па яго словах, ініцыятыва павінна сыходзіць ад саміх журналістаў.

Бастунец: “Гэта пытанне да журналістаў, калі яны да нас звернуцца з тым, каб мы дапамаглі скласці скаргі ці звярнуліся ад іх імя, то мы гэта безумоўна зробім. Але так атрымліваецца, што, калі мы размаўляем са сваімі сябрамі, то яны не выказваюцца за тое, каб гэта рабіць. Пакуль што ёсць толькі пару чалавек, якія яшчэ не вызначыліся з канчатковым рашэннем.

 

Бо калі мы звяртаемся, мы павінны спасылацца на іх і ведаць, што яны жадаюць гэта рабіць, а калі хтосьці думае, што гэта можа перашкодзіць яго далейшай працы, то мы не можам гэта на сябе браць”, – кажа Бастунец.

Цікава, што крымінальная адказнасць за перашкоду журналісцкай дзейнасці ў Беларусі ўжывалася толькі аднойчы.

Бастунец: “Быў адзіны выпадак, калі сапраўды аператару дзяржаўнага тэлебачання перашкаджаў здымаць на мясцовым рынку кіраўнік рынку. Журналіст пацярпеў, пасля гэтага кіраўнік рынка быў асуджаны ў крымінальным парадку”.

Якая б была рэакцыя на такія паводзіны міліцыі на Захадзе? Еўрарадыё пагаварыла з латвійскім журналістам Угісам Лябіцісам, якога, нагадаем, затрымалі ў Мінску падчас “маўклівай” акцыі 29 чэрвеня. Журналіст кажа, што нават уявіць такога не можа.

Угіс Лябіціс: “Мне падаецца, што ў нас такое немагчыма. І за сваю журналісцкую кар’еру я не памятаю, каб штосьці такое было. Я не магу ўявіць, што тут такое можа здарыцца. У такі момант можна было б падаваць у суд за тое, што абмяжоўваюць маю журналісцкую дзейнасць, абмяжоўваюць свабоду слова, гэта пайшло б на даволі высокі ўзровень”.


Угіс Лябіціс на акцыі 29 чэрвеня

 

Латвійскі МЗС паслаў дыпламатычную ноту ў МЗС Беларусі, з просьбай разабрацца ў незаконным затрыманні латвійскага журналіста. Але ніякага адказу пакуль не было, кажа Угіс:

“Нібыта, беларуская амбасада кажа, што ва ўсіх затрыманых журналістаў папрасілі прабачэння. Але я асабіста не атрымліваў ніякіх званкоў, ні імэйлаў, ніякіх выбачэнняў... Я не ведаю, як прасоўваецца гэта справа. Здаецца, што там суцэльная цішыня”.

Нагадаем, што ў момант затрымання журналіст знаходзіўся на вуліцы Янкі Купалы. У яго на шыі вісела карта акрэдытацыі, але яе наяўнасць міліцыянтаў не спыніла.

Па звестках БАЖ, падчас акцыі 15 чэрвеня было затрымана 9 журналістаў. Столькі ж трапілі ў міліцыю праз тыдзень. 29 чэрвеня сілавікі затрымалі ўжо 13 рэпарцёраў і фотакарэспандэнтаў, а 3 ліпеня ў РУУСы даставілі 16 чалавек. Дынаміка... Больш за тое, па выніках учорашняй акцыі чацвёра журналістаў былі арыштаваныя на тэрміны ад 6 да 12 сутак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі