Адкрылася выстава лепшых рэпартажных фотаздымкаў "Press Photo Belarus"
За здымак, зроблены падчас службы ў арміі, гран-пры "Press Photo Belarus-2011" атрымаў Сяргей Гудзілін.
Вынікі конкурсу былі падведзеныя яшчэ ў траўні. Журы, якое абірала пераможцаў, складалася з вядомых беларускіх і міжнародных экспертаў: Ёнас Стаселіс - прэзідэнт Клуба прэс-фатографаў, прадстаўнікі Associated Press, вядомы блогер drugoi, англійскі фатограф Джеймс Хіл ды іншых.
Цягам конкурснага перыяду ў 2011 годзе паўдзельнічала больш за 70 аўтараў і каля 2000 здымкаў. Лепшых выбіралі з 23 фіналістаў.
Прапануем вам паглядзець некаторыя з фотаздымкаў-пераможцаў:
Гран-пры конкурсу. Аўтар Сяргей Гудзілін
Прагляд вечаровых навінаў з'яўляецца абавязковым для ўсіх салдат. У 21.00 усе вайскоўцы тэрміновай службы павінны глядзець інфармацыйную праграму "Панарама" на дзяржаўным канале Беларускага тэлебачання.
У намінацыі "Людзі ў навінах" (single) першае месца атрымаў Віктар Драчоў. Здымак жанчыны, якая адпачывае пасля збору ўраджаю пшаніцы ў спякотны дзень, зроблены ў вёсцы Юр'ева, што ў 75 кіламетрах ад Мінска.
Другое месца ў гэтай жа намінацыі атрымаў Генадзь Мажэйка, які зняў беларускага паэта і кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева падчас перадвыбарчага тура па Беларусі.
Пераможцам ў намінацыі "Спорт"(single) стаў Уладзімір Мікалайчык за здымак, зроблены на рацэ Іслач.
Другое месца атрымаў Віктар Байкоўскі. Здымак зроблены падчас футбольнага матча "Дынама" Брэст- "Дынама" Мінск у Брэсце.
Трэцяе месца - Віктар Драчоў. На фота - датская тэнісістка Караліна Вазняцкі падчас удзелу ў дабрачынным матчы супраць беларускі Вікторыі Азаранка.
Намінацыя Навіны (single). Першае і трэцяе месцы атрымаў Васіль Федасенка. Першае - за здымак жанчыны, якая спрабуе пачуць словы сваячкі, якая знаходзіцца ў міліцэйскім аўтобусе для затрыманых падчас выбараў у снежні 2010 года.
Трэцяе - за здымак, на якім рабочыя перадаюць астанкі нямецкіх салдат, якія загінулі ў Другую сусветную вайну, падчас перазахавання ў вёсцы Шчаткава.
Бронзу за каларытны здымак на вулічным рынку ў вёсцы Хвоенск у намінацыі "Штодзённае жыццё" атрымаў Віктар Драчоў. Двое мужчын прымерваюць кепкі.
На адкрыццё выставы ды першы Дзень нараджэння галерэі TUT.BY завітала шмат фатографаў, журналістаў, рэкламшчыкаў і так званых селебрыці і тусоўшчыкаў. За музычнае суправаджэнне свята адказным быў магілёўскі гурт "Akute".
Выставу можна паглядзець у галерэі TUT.BY.
Фота: Еўрарадыё. Фота працаў узятыя з сайта www.pressphoto.by