Адміністрацыя наваполацкай калоніі адмаўляе катаванні ў дачыненні Ліхавіда
Намесніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка атрымала адказ з адміністрацыі наваполацкай калоніі № 10, дзе адбывае пакаранне палітвязень.
Палажанка падавала скаргу аб незаконных і гвалтоўных дзеяннях кіраўніцтва калоніі ў дачыненні хлопца. Яна звяртала ўвагу на жорсткія пакаранні Мікіты Ліхавіда ў выглядзе заключэнняў у карцар за тое, што юнак адмаўляецца выконваць некаторыя пункты правілаў унутранага распарадку калоніі. Хлопец не называе сябе асуджаным і адмаўляецца рабіць зарадку разам з іншымі вязнямі.
Начальнік наваполацкай калоніі А.Сівоха не прызнаў зварот Палажанкі абгрунтаваным і абверг тое, што ў дачыненні Ліхавіда ўжываюцца катаванні. У адказе паведамляецца, што Ліхавід свядома парушае правілы і сам асэнсоўвае гэта, бо не падае ніякіх скаргаў на дзеянні адміністрацыі.