Адміністрацыя Вконтакте не аднавіла групу “Мы за вялікую Беларусь”
“Малады фронт” звярнуўся ў службу тэхнічнай падтрымкі сацыяльнай сеткі з просьбай аднавіць групу, але адказ быў адмоўным.
Група “Мы за вялікую Беларусь”, праз якую маладафронтаўцы заклікалі інтэрнэт-карыстальнікаў на Марш мільёнаў, нечакана знікла 4 чэрвеня. У “Маладым фронце” пэўныя, што гэта была праца спецслужбаў.
Тэхнічная падтрымка Вконтакте аператыўна адказала на запыт. Але паведаміла толькі, што такое зваротнае дзеянне як аднаўленне групы немагчымае. Маладафронтаўцам параілі праверыць кампутар антывіруснай праграмай ды змяніць паролі. Ладзіць расследаванне, хто, якім чынам і з якога кампутара выдаліў групу “Мы за вялікую Беларусь”, тэхнічная падтрымка сацыяльнай сеткі не стала. У адказе, атрыманым моладзевай арганізацыяй, сказана, што Вконтакте будзе супрацоўнічаць толькі з праваахоўнымі органамі, калі будзе афіцыйны запыт ад іх, паведамляе БелаПАН.