Аднаўляецца фэст “Купальскае Кола”
Сярод хэдлайнераў ужо заяўленыя Litvintroll, Znich ды ўкраінцы “Тінь сонця”.
29 чэрвеня, пасля двухгадовага перапынку, аднаўляецца метал-фестываль “Купальскае Кола”. Першапачаткова планавалася зладзіць open-air, каб у праграму фэсту маглі ўвайсці і абрадавыя рэчы, і скокі праз вогнішча, і пусканне вянкоў. Але ў выніку вырашылі не рызыкаваць. Маўляў, у нас з адкрытымі мерапрыемствамі не вельмі ўсё проста, ды і апошнія “Купальскія Колы” заўважна страцілі публіку. Таму сёлета фэст будзе клубным. Актуальнасць свята летняга сонцастаяння для моладзі будуць правяраць у Re:Public.
“Пацвердзіў удзел вядомы ўкраінскі гурт “Тінь сонця”, ― агучвае прыблізны лайн-ап фэсту арганізатар Алесь Таболіч. ― “Рэанімаваўся” пасля страты басіста гурт Litvintroll. Натуральна, будзе Znich. І цяпер вырашаем з хэдлайнерамі як з далёкага замежжа, так і з бліжняга. Вельмі шмат прыйшло заявак ад беларускіх гуртоў, таму мы вырашылі зладзіць нешта кшталту апытання, бо новыя імёны мусяць гучаць на фэсце”.
Алесь дадае, што цяпер рыхтуецца да запуску сайт фестывалю, дзе можна будзе сачыць за з’яўленнем новых удзельнікаў. Папярэдні продаж квіткоў на пяты фэст “Купальскае Кола” пачнецца прыкладна праз месяц. А пакуль можна паўдзельнічаць у галасаванні ды абмеркаванні беларускіх маладых металістаў на старонцы Алеся Таболіча ў “вКонтакте”.
Фота: etna-grodna.blogspot.com