Адвакат Павел Сапелка аспрэчвае пазачарговую атэстацыю адвакатаў

Павел Сапелка ўказвае, што гэты дакумент парушае міжнародныя прававыя нормы і палажэнні нацыянальнага заканадаўства. Былы адвакат лічыць гэты крок Мінюста чарговай спробай умяшання ў дзейнасць незалежнага інстытута адвакатуры і расправы з адвакатамі, якія прыйшліся недаспадобы. Пра гэта ён заявіў у эфіры Еўрарадыё.

Сапелка: “Атэстацыя адвакатаў праводзіцца раз у 5 гадоў і да гэтага часу яны праводзіліся ў працоўным парадку. Калі будзе прынята такое рашэнне аб атэстацыі, то яе ахвярамі ў першую чаргу могуць стаць тыя, хто стаў нязручны ў сваёй прафесійнай дзейнасці, у тым ліку тыя адвакаты, якія праявілі актыўнасць у часе разгляду спраў 19 снежня мінулага года”.


Еўрарадыё: Ці ёсць у беларускіх адвакатаў магчымасць абараніць свае правы перад гэтай атэстацыйнай камісіяй?

Сапелка: “Я здзіўлены, што адвакацкая супольнасць не выказала пакуль сваё стаўленне да загаду Мінюста, тым больш, што гэты загад парушае нормы ўнутранага заканадаўства, я ўжо не кажу пра тое, што замахваецца на незалежнасць адвакатуры. Я зараз не маю непасрэднага дачынення да адвакатуры, але хацелася б, каб грамадзяне мелі доступ да незалежных адвакатаў, таму я звяртаюся з такой заявай”.


Еўрарадыё: Што вы чакаеце ад свайго звароту ў Канстытуцыйны Суд?

Сапелка: “У гісторыі Канстытуцыйнага Суда былі выпадкі адмены неканстытуцыйных нарматыўна-прававых актаў, якія сыходзілі па ініцыятыве фізічных асобаў. Таму я не разглядаю сваю заяву як загадзя бесперспектыўную і безвыніковую. Нехта павінны казаць пра гэтую праблему, нехта павінен яе падымаць”.

Як распавёў Павел Сапелка, за тры месяцы, што ён пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі, неаднаразова рабіў спробы працаўладкавацца, але безвынікова. "Наймальнікі не спяшаюцца звязваць сваю дзейнасць з юрыстам, чыя праца стала ў свой час прадметам пільнай ўвагі дзяржорганаў", — кажа Сапелка.

Цалкам гутарку з Паўлам Сапелкам слухайце ў далучаным гукавым файле — у прайгравальніку справа.

Фота — belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі