Адвакатаў "справы 19 снежня" пазбаўляюць ліцэнзій
Не прайшлі атэстацыю адвакаты палітвязняў Ірыны Халіп і Мікіты Ліхавіда. Пра гэта стала вядома сёння, 26 ліпеня.
Нагадаем, што Мінюст гэтым летам ладзіць пазачарговую атэстацыю адвакатаў. Яе не прайшлі адвакаты Ганна Бахціна і Дар'я Ліпкіна. Абедзве яны ўдзельнічалі ў працэсах па "справе 19 снежня". Бахціна абараняла Ірыну Халіп, Ліпкіна — Мікіту Ліхавіда. Цяпер абедзвюх жанчын пазбавяць ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.
Як распавяла сайту "Хартыя'97" Ірына Халіп, Бахціну абвінавацілі ў тым, што яна не займалася прапагандай юстыцыі, не пісала артыкулы ў афіцыйныя газеты і не выступала па радыё і тэлебачанні.
Нагадаем, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў, якія займаліся "справай 19 снежня" — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву. У сакавіку ліцэнзіі пазбавілі адваката Паўла Сапелку.