Аксана Пачобут: У Гродне ўдзельнікаў акцыі ўзялі ў пастку
Мірная “маўклівая акцыя” ў Гродне сёння скончылася масавымі затрыманнямі.
Сведкай падзеяў стала Аксана Пачобут, сябра непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Яе муж, гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут, знаходзіцца за кратамі па абвінавачанні ў абразе прэзідэнта і паклёпе на яго. Яму пагражае зняволенне на тры гады — такі тэрмін патрабуе для яго пракурор.
Спадарыня Аксана распавяла пра свае ўражанні ад акцыі ў жывым эфіры Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Раскажыце, калі ласка, нашым слухачам, як акцыя праходзіла ў Гродне. Ці былі затрыманні?
Аксана Пачобут: Так, затрыманні былі. Акцыя як заўсёды распачалася а сёмай гадзіне, але людзі пачалі збірацца загадзя там, дзе і мінулым разам. Гэта перакрыжаванне на вуліцы Савецкай каля плошчы Савецкай. Мне цяжка казаць, колькі было людзей, бо я ўвесь час памыляюся ў лічбах, але людзей было шмат. Дастаткова шмат, можа як мінулым разам у нас у Гродне было.
Еўрарадыё: Па інфармацыі, якая з’явілася ў інтэрнэце, людзі пішуць, што былі вельмі жорсткія затрыманні, што затрымлівалі таксама жанчынаў. Ці гэта праўда? Ці Вы бачылі нешта на ўласныя вочы?
Аксана Пачобут: Так, людзі папляскалі. Потым прыйшла міліцыя, папярэдзіла праз рупар, што гэта несанкцыянаваная акцыя, што нельга збірацца. Ніякай злосці ў людзей не было, проста былі апладысменты. Людзі спачатку стаялі на вуліцы Савецкай, потым сталі пераходзіць праз вуліцу, і там іх ужо чакаў аўтазак. Яшчэ адзін набліжаўся ззаду. Такім чынам людзі апынуліся ў пастцы. З двух бакоў вуліцы стаялі два аўтазакі з расчыненымі дзвярыма. Хтосьці спрабаваў адысці ў летнюю кавярню і стаць нібыта ў чаргу па кока-колу, квас ці нешта яшчэ, але людзей проста сталі адцягваць з чаргі. Хапалі і дзяўчат таксама. На маіх вачах дзяўчыну з фотаапаратам валаклі недзе чатыры чалавекі. Я спрабавала яе бараніць, але міліцыя мяне папросту адцясніла. Мяне не затрымлівалі, забралі яе. За мной быў яшчэ адзін малады хлопец з Саюзу палякаў, яго таксама жорстка затрымалі і павалаклі ў аўтазак. Я іх запомніла, бо гэта былі мае знаёмыя. Незнаёмых таксама валаклі да аўтазакаў. Два аўтазакі з людзьмі з’ехалі. Гэта было нечакана. Людзі ішлі на мірную акцыю, а затрыманні былі жорсткімі. Дзяўчына, якую валаклі, крычала і гэта было вельмі жудасна.
Еўрарадыё: То бок, можна лічыць, што затрыманні ў Гродне былі масавымі, калі з месца акцыі з’ехалі два аўтазакі?
Аксана Пачобут: Я не ведаю, колькі затрымалі людзей, ці былі гэтыя аўтазакі запоўненыя цалкам. Пакуль такой інфармацыі няма. Калі мы адыходзілі з акцыі, то бачылі “газелькі”, у якіх таксама везлі затрыманых людзей.