Актывістаў “Гавары праўду!” судзяць за “кітайскія” цацкі?
За апошнія суткі двое з іх апынуліся за кратамі, а аднаго падазраюць у дачыненні да забойства.
22 лютага суд прысуджае Паўлу Вінаградаву 10 сутак арышту за арганізацыю “цацачнага пратэсту” ля Мінгарвыканкама. Але цацкі “пратэставалі” тыдзень (!) таму.
Злева направа -- Павел Вінаградаў, Святлана Вінаградава, Мікола Арцюхоў.
Ужо падчас суда над Вінаградавым быў арыштаваны яго паплечнік Аляксандр Арцыбашаў. Хлопца абвінавацілі адразу ў правядзенні дзвюх акцый. Верагодна, суд пройдзе заўтра.
Яшчэ адзін актывіст “Гавары праўду”, Юрый Салодкі, выкліканы на гутарку ў міліцыю. У пастарунку паведамілі, што падазраюць яго ў датычнасці да забойства, якое было яшчэ ў 2006 годзе. І адпусцілі.
“Калі была справа аб абразе прэзідэнта, у мінулым годзе, па якой я праходзіў, мне было рэкамендавана адысці ад спраў і супакоіцца. Што я, у прынцыпе, і зрабіў. На паўгода. Зараз я стаў каардынатарам “Гавары праўду!” па Мінску — і пачалі актыўную дзейнасць. Літаральна праз месяца паўтара здарыўся гэты выклік”, — расказвае Юрый.
Смалявіцкія дачнікі пратэстуюць супраць пабудовы на іх дзялянках кітайскага комплексу.
Ён сам бачыць у пасадцы “на суткі” Вінаградава і затрыманні Арцыбашава не толькі нашумелыя акцыі, а... "кітайскі след".
“Атрымоўваецца, што моладзевае крыло рабіла перфомансы розныя. А “Гавары праўду!” — незаконнымі, на наш погляд, забудовамі ў горадзе Мінску. Складзена мноства разнастайных зваротаў. Да дэпутатаў, у райвыканкамы. Я думаю, што гэта вось хваравіта ўлады так рэагуюць”.
Той самы пасёлак, які ўзялася бараніць "Гавары праўду!".
“Кітайскі след” у “сутках” Вінаградава бачыць і лідар “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
“Тое, што адбываецца ў Смалявічах, безумоўна, адыграла сваю ролю. Бо там праблема значна большая, чым ля Мінгарвыканкама ці каля Дома ўрада”.
Тым не менш, Някляеў перапісваць план дзеянняў кампаніі не збіраецца.