Актывісты “Гавары праўду” адзначылі гадавіну баклажаннай ікрой

Кампанія “Гавары праўду” адзначыла першыя ўгодкі дзейнасці. А кіраўнікі распавялі пра вынікі, планы на будучыню, умовы, у якіх даводзіцца працаваць, ды згадалі пра актывістаў, якія цяпер сядзяць у СІЗА КДБ.

За год “Гавары праўду” правяла больш за 80 кампаній у 33 гарадах Беларусі. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі распавяла эксперт кампаніі Святлана Навумава.

Навумава: “Гэта былі маленькія падпісныя кампаніі. Дзесьці мы збіралі каля 100 подпісаў за вырашэнне праблемы ў пэўным мястэчку ці паселішчы. Дзесьці кампаніі былі вялікія. Мы правялі дзве агульнанацыянальная падпісныя кампаніі — за наданне адной з вуліц Мінску імя Васіля Быкава і вылучэнне на Усебеларускі сход Уладзіміра Някляева. На сёння ёсць база людзей, якія так ці інакш падпісваліся за кампанію — гэта паўмільёна чалавек”.

Па словах Навумавай, падвядзенне вынікаў на ўгодкі кампаніі было асабістым рашэннем Уладзіміра Някляева.


Журналістаў на імпрэзе частавалі ікрой. Праўда, ікра была баклажанная. Якое становішча, такая і ікра — пракаментавала Святлана Навумава. Бо цяпер шмат актывістаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ, іншыя былі вымушаныя з’ехаць за мяжу.

На сёння ў нашай кампаніі 5 абвінавачаных, два чалавекі пад падазрэннем, адзін асуджаны і дзевяць чалавек былі вымушаныя з’ехаць за мяжу, бо ім пагражаў пераслед”, — распавёў удзельнік кампаніі Сяргей Вазняк.

На думку палітыка, падзеі 19 снежня ў Мінску нельга трактаваць як масавыя беспарадкі. Таксама ён адзначае, што сёння ўлада мае ўсе мажлівасці прыгожа перагарнуць старонку 19 снежня і ставіцца да актывістаў як да палітыкаў, а не злачынцаў.

Дарэчы, Вазняк сам з’яўляецца абвінавачаным па артыкуле аб масавых беспарадках. Той жа статус мае і былы кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Нягледзячы на гэта, “Гавары праўду” не збіраецца прыпыняць сваю дзейнасць і абвяшчае пачатак кампаніі народнай салідарнасці, запэўніў прысутных Андрэй Дзмітрыеў.

Дзмітрыеў: “З сённяшняга дня мы абвяшчаем аб кампаніі народнай салідарнасці. Сёння ў 12 гарадах Беларусі падаюцца заяўкі на пікеты салідарнасці. Яшчэ ў 12 гарадах гэтыя заявы пададуць 4 сакавіка. Дзве даты, на якія мы падаем пікеты — 19 сакавіка і 25 сакавіка. Мы хочам, каб па ўсёй краіне людзі выйшлі на вуліцы з плакатамі і нагадалі аб праблеме існавання ў краіне палітычных зняволеных”.

Разам з гэтым пачнецца кампанія ад дзвярэй да дзвярэй. На думку Дзмітрыева, гэта трэба, каб нагадаць людзям, якія падпісваліся пад ініцыятывамі “Гавары праўду” аб палітычных вязнях. Таксама будзе працягвацца кампанія за наданне сталічнай вуліцы імя Васіля Быкава.

Згадалі і пра заяву Алеся Міхалевіча аб катаванні ў СІЗА КДБ. Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што такія заявы могуць нашкодзіць тым, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі.

Дзмітрыеў: “Мяркую, што Алесь сёння ўзняў важную тэму і гэта яго смелае рашэнне пра гэта гаварыць. Але робячы такія заявы, трэба быць упэўненым, што яны не нашкодзяць людзям, якія цяпер у СІЗА. Лічу, што адпаведныя заявы з майго боку могуць нашкодзіць людзям”.

Дзмітрыеў падкрэсліў, што яму не прапаноўвалі падпісваць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, калі выпускалі з турмы. Таксама палітык выказаў спадзеў, што заява Міхалевіча падштурхне ўлады, каб не пагаршаць, а змякчыць цяперашнюю сітуацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі