Akute рыхтуюць сюрпрыз да фэста “Даём Рады”
Музыкі плануюць выканаць усе свае хіты ды тэматычны кавер.
На фестывалі “Даём Рады” гурт Akute адыграе праграму са сваіх лепшых песень. Апроч таго, музыкі рыхтуюць і адмысловы сюрпрыз, прычым, як для публікі, так і для арганізатараў канцэрту.
“Мы вырашылі падрыхтаваць песню спецыяльна да фестывалю,бо гэта ж першыя ўзнагароды ад “Еўрарадыё”, — крыху адкрывае таямніцу Раман Жыгараў. — Гэта будзе наша апрацоўка… калі так можна сказаць, перапрацоўка вядомай песні ў нашым “акутаўскім” стылі. Карацей, гэта будзе кавер, але мы не хацелі б раскрываць яго назву”.
Нагадаем, фестываль “Даём Рады” пройдзе 1-га лютага ў клубе Re:Public. Паміж выступамі гуртоў Clover Club, Avias, Re1ikt, :B:N:, “Дай Дорогу” ды Akute “Еўрарадыё” падвядзе музычныя вынікі мінулага году, заглядаючы нават у закуліснае жыццё нашых рокераў.
Пачатак імпрэзы ў 18:00, 1 лютага, клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62). Кошт квіткоў: 60 тысяч для першых 100 чалавек, 70 тысяч для наступных 300, астатнія квіткі, а таксама ў дзень канцэрта — па 80 тысяч рублёў. За столікам — 90 тысяч і дыск у падарунак ад БМА!