Алесь Міхалевіч зладзіць акцыю салідарнасці ў Празе
Акцыя пад назвай "Свабоду палітвязням" пройдзе на цэнтральнай плошчы чэшскай сталіцы 17 чэрвеня а 18.00.
У акцыі возьмуць удзел чэшскія беларусы. Яе сэнс у тым, каб чарговым разам нагадаць еўрапейскай супольнасці пра сітуацыю ў Беларусі. У жывым эфіры Еўрарадыё Міхалевіч сказаў, што для правядзення акцыі наўмысна абралі самае шматлюднае месца горада. Прага — гэта таксама вялікі турыстычны цэнтр. Людзям з розных краінаў будуць раздаваць інфармацыю пра беларускіх палітзняволеных і пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах.
“Мы хочам, каб людзі ведалі пра сітуацыю, якая існуе з правамі чалавека і з палітзняволенымі ў Беларусі. У нас ёсць спецыяльны выпуск газеты з коміксамі, у нас ёсць улётка на чэшскай і англійскай мовах. Мы маем афіцыйны дазвол на правядзенне акцыі ад пражскай мэрыі”, - сказаў Алесь Міхалевіч.