Амерыканскі дыпламат: Я ўжо прачытаў па-беларуску “Зорку Венеру”!

130206_lukashuk_knigi.mp3

Стэнд “Кніг, якія зрабілі Амерыку” ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша прадстаўляў асабіста кіраўнік амерыканскай дыпламатычнай місіі Ітан Голдрыч. Паводле яго слоў, змешчаныя на стэндзе 88 кніг адмыслова для прадстаўлення беларусам сабралі куратары і спецыялісты бібліятэкі Кангрэса ЗША. Творы розныя: ад “Хаціны дзядзькі Тома” да дзіцячай кніжкі аб’ёмам усяго 220 словаў.

Ітан Голдрыч: “Бібліятэкар Кангрэса Джэймс Білінгтан заявіў, што гэты спіс складзены з мэтай нараджэння дыскусіі, абмеркавання кніг, напісаных аўтарамі, якія паўплывалі на наша жыццё. І выказаў спадзяванне, што беларусы прапануюць нейкія іншыя творы, якія, на іх погляд, можна было б уключыць у спіс “Кніг, якія зрабілі Амерыку”.




А таксама запрасіў да ўдзелу ў конкурсе “Кніга, якая вызначыла маё жыццё”, які ладзіць амбасада. Што тычыцца сваіх любімых кніг, то Ітан Голдрыч назваў “Вялікага Гэтсбі” Скота Фіцжэральда, “Аднесеныя ветрам” і “Ноч, якую трэба памятаць”, прысвечаную катастрофе "Тытаніка".



На заканчэнне прэзентацыі стэнда спадар Голдрыч пагаджаецца адказаць на пытанні карэспандэнта Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Ці хапае ў вас зараз часу на мастацкую літаратуру? Можа нават паспелі пазнаёміцца з беларускімі аўтарамі?

Ітан Голдрыч: Я заўсёды імкнуся да таго, каб у мяне быў вольны час на тое, каб пачытаць. На жаль, пакуль у мяне не было часу, каб прачытаць раман альбо вялікае апавяданне беларускага аўтара, але я чытаў вершы. І адзін з гэтых вершаў — “Зорка Венера” Багдановіча.

Еўрарадыё: Вы чыталі верш у арыгінале ці ў перакладзе?

Ітан Голдрыч: У арыгінале, але з вялікай дапамогай маёй настаўніцы па беларускай мове.



Еўрарадыё: Вы вывучаеце беларускую мову?!

Ітан Голдрыч: Пакуль што гэта толькі вельмі простыя фразы. Апроч таго, зусім нядаўна я скончыў чытаць “Майстра і Маргарыту” Булгакава, але ў перакладзе на англійскую мову. І зараз я чытаю кнігу на англійскай мове амерыканскага аўтара. Гэта кніга па гісторыі, можна сказаць, па гісторыі XX стагоддзя, але гэта мастацкі твор пад назвай “Зіма свету”.

Еўрарадыё: Што вас падштурхнула да вывучэння беларускай мовы?

Ітан Голдрыч: У нас была сустрэча з беларускімі выкладчыкамі англійскай мовы і яны спыталі ў мяне, што я магу сказаць па-беларуску. Мяне вельмі не ўсцешыла тое, што я мог сказаць усяго адну ці дзве фразы. І з таго часу я папрасіў сваю настаўніцу, каб яна дапамагала мне практыкавацца больш. І магчыма, пры наступнай сустрэчы я здолею з вамі размаўляць па-беларуску. Але, на жаль, не гэтым разам!

Еўрарадыё: Ці плануеце вы працягваць даўнюю традыцыю і праводзіць на тэрыторыі амбасады музычны фестываль “Амбасовішча”?

Ітан Голдрыч: Так, мы плануем працягваць гэтую традыцыю і ўлетку зладзіць чарговае “Амбасовішча”.

Еўрарадыё: Што з амерыканскай літаратуры вы параіце прачытаць беларусам?

Ітан Голдрыч: Беларусь — маладая краіна, перад вамі стаіць шмат пытанняў, на якія трэба шукаць і знаходзіць адказы. І таму, магчыма, беларусам ёсць сэнс чытаць кнігі пра станаўленне нашай нацыі. Адной з такіх прац маглі б стаць “Федэралісцкія паперы” — кніга, якая распавядае пра тое, што прывяло да стварэння Канстытуцыі Злучаных Штатаў. А таксама — біяграфія аднаго з бацькоў-заснавальнікаў Бенджаміна Франкліна.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі