Анатоль Лябедзька хоча прыцягнуць АНТ да адказнасці
Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе альбо падаваць у суд, альбо патрабаваць прабачэнняў.
Так пракаментаваў лідар партыі Анатоль Лябедзька сюжэт з праграмы АНТ “Контуры”, дзе сцвярджалася, што ён, насамрэч, не перамог на выбарах старшыні АГП. Так на гэтым тэлеканале зразумелі першакрасавіцкі жарт на сайце camarade.biz.
Анатоль Лябедзька: “Людзі альбо не разумеюць гумару, альбо настолькі заангажаваныя, што не могуць выйсці за рамкі прапаганды. Таму, нейкая рэакцыя будзе. На вялікі жаль, у нас няма незалежнай судовай сістэмы, няма суда, куды можна было б падаць іск і разгледзіць гэта пытанне. Таму, калі не судовы іск, то мы, як мінімум, запатрабуем нейкіх тлумачэнняў”.
Па словах палітыка, разлік тэлеканала АНТ у гэтай сітуацыі на тое, што пэўная частка людзей не чытае і не слухае незалежныя СМІ і ставіцца з даверам да ўсяго, што кажуць з тэлеэкранаў. Але і ў гэтых людзей, упэўнены Лябедзька, ужо пахіснуўся давер да ўлады і няма таго негатыву, з якім яны раней успрымалі ўсё апазіцыю.
Нагадаем, 1 красавіка на сайце газеты "Товарищ" з’явіўся артыкул, дзе сцвярджалася са спасылкай на Сяргея Калякіна, Аляксея Янукевіча, Дзяніса Садоўскага, што Анатоль Лябедзька не перамог на выбарах старшыні АГП. Дарэчы, пад матэрыялам ёсць пазнака, што матэрыял жартаўлівы.
Фота — Алесь Пілецкі, Еўрарадыё