Арэхва: Людзей спрабуюць застрашыць вялізнымі штрафамі

Удзельнікам пікета ў абарону польскай школы гродзенскі суд прысуджае вялікія штрафы. Ужо вядома, што рэдактар газеты "Glos znad Niemna" Гражына Шалкевіч аштрафаваная на 5 мільёнаў рублёў, а пенсіянерка Станіслава Цывунчык — на 2 мільёны. На думку старшыні незарэгістраванага Саюза палякаў Анжалікі Арэхвы, такім чынам улады хочуць запалохаць польскіх актывістаў.

Анжаліка Арэхва: “Людзей хочуць застрашыць. Адразу гэты пікет так брутальна разганялі і ў дачыненні людзей так сябе паводзілі міліцыянты, каб напужаць сталых людзей. А зараз гэтыя пакаранні – хочуць, напэўна, каб больш не бралі ўдзелу”.

Па словах Арэхвы, людзям, якіх павінны былі судзіць, дапамаглі з адвакатамі, а пасля прысуду дапамогуць выплаціць штрафы. І нягледзячы на такое стаўленне ўладаў да іх пратэсту, актывісты плануюць і далей весці кампанію ў абарону польскай школы. Бо яны не вераць словам чыноўнікаў, што школу не збіраюцца русіфікаваць, а толькі хацелі арандаваць там памяшканні для двух класаў з суседняй школы.

Нагадаю, 1 чэрвеня падчас пікета ў абарону польскай школы ля аблвыканкама ў Гродне былі затрыманыя каля 20 чалавек. У гэты ж дзень аднаго з удзельнікаў акцыі Ігара Банцара асудзілі на 13 сутак арышту.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі