Арганізатар прэзентацыі Neuro Dubel: не прапаноўвайце музыкам ежу ды напоі!

121121_malina_nd.mp3

“Вельмі прашу вас не прапаноўвайце музыкам ні ежу, ні напоі, паверце, яны не галадаюць, у іх усё ёсць”, — пад гучны рогат аматараў Neuro Dubel распачаў канцэрт арганізатар Павел Кашырын.

“Добры вечар! Рэспект ды павага Пашу, які прадставіў наш гурт, маўляў, жывёл просьба не карміць”, — адказаў Аляксандр Кулінковіч, калі выйшаў на сцэну. І гэта быў адзіны канфлікт ды напружаны момант у першы дзень прэзентацыі альбома “До..уя советчиков”.

Neuro Dubel рыхтаваў дыск у даволі сціснутыя тэрміны. Па словах лідара гурта Аляксандра Кулінковіча, палова яго была гатовая яшчэ мінулай зімой, але потым па розных прычынах спыніліся рэпетыцыі і, калі яны зноў аднавіліся, то ўжо ніхто нічога не памятаў. Давялося рабіць усё наноў, а каб быў стымул да хуткай працы Кулінковіч сваім валявым рашэннем назначыў 20-21 лістапада датай прэзентацыі.

“Хвалюемся, перажываем, можна сказаць, сцым, — з сумнымі ўсмешкамі дзеляцца настроям музыкі за некалькі хвілін да выхаду на сцэну. — Новы альбом, новыя песні, публіка да іх не прызвычаеная, мы не прызвычаеныя. Сыраваты ён, на наш погляд, давядзецца ўсё па ходзе рабіць. Што рабіць, у нас такі стыль жыцця, а калі музыка перастае хвалявацца, то нефіг яму і на сцэну выходзіць”.

Але хітрыў Neuro Dubel, бо на сцэне ніякай няўпэўненасці не было, не было сырасці ды неабходнай імправізацыі. Альбом адыгралі адразу, трэк за трэкам, але прыхільнікі скакалі, спявалі, слухалі, не горш чым пад ужо добра знаёмыя хіты другой часткі канцэрту. Шкада вось толькі, што вершы, якіх багата на новым дыску, прапускалі. Праўда, пасля выканання песні “Куба” нехта ў зале не вытрымаў і папрасіў Сашу ўсё ж прадэкламаваць што-небудзь.

“Шёл дядя Саша однажды по рельсам

Ты не поверишь, трезвый, как Ельцин!

Верил в чужих и любил всех своих,

А поезд его ты-ды-дых, ты-ды-дых, ты-ды-дых!” — адказаў Кулінковіч пад смех і апладысменты ў зале і загучаў загалоўны трэк “До..уя советчиков”.

Альбом, як і абяцалі, атрымаўся вельмі лёгкім ды мілым, яго адыгралі і пачаліся хіты, харавыя спевы ў 150 галасоў ды ўжо не вельмі цвярозы, але сапраўды сяброўскі слэм пад сцэнай. Нават афіцыянткі клуба ў гэты момант не вытрымалі і пачалі тусавацца каля парэнчаў другога паверха і спрабаваць танчыць.

“Звычайна, калі мы працуем на першым паверсе, то мы і ў слэме ўдзельнічаем, — шакуе супрацоўніца Аліна. — Але цяпер вырашылі там не працаваць, бо вельмі складана афіцыянтам, шмат праблем узнікае”.

Больш за дзве гадзіны адрыву, некалькі бісаў, аўтографы ды абсалютна задаволеная публіка… Амаль усе прысутныя сыходзілі ў майках Neuro Dubel, якія пасля доўгай паўзы зноў пачалі актыўна распаўсюджвацца падчас канцэртаў. Гэта быў першы дзень прэзентацыі “До..уя советчиков”, другі — ужо сёння, 21 лістапада, падрабязнасці на сайце гурта.

Фота: Budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі