Арцёма Шаркова будуць судзіць 5 траўня за "Стоп-бензін 2"
Дырэктар інфармацыйна-асветнай установы "За Аўто" Арцём Шаркоў можа быць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі акцыі.
Учора яго выклікалі ў Ленінскае РУУС, азнаёмілі з пратаколам аб адміністрацыйных правапарушэннях, узялі тлумачэнне і выклікалі ў суд на 5 траўня, паведамляе БелаПАН.
У пратаколе адзначаецца, што Шаркоў парушыў закон "Аб масавых мерапрыемствах", а мера адказнасці будзе вызначацца на падставе артыкула "за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў або пікетавання", які прадугледжвае вынясенне папярэджання, штраф да 1 050 000 рублёў або адміністрацыйны арышт.
Дырэктар "За Аўто" заявіў, што не згодны з распачатым супраць яго адміністрацыйным працэсам. У пратаколе ён напісаў, што, "як і іншыя аўтааматары, прыехаў на заправачную станцыю для таго, каб заправіць свой транспартны сродак, таму што аўтамабіль ездзіць на бензіне, а не на паветры". Цікавасць журналістаў да сваёй персоны і да сітуацыі, што склалася на заправачнай станцыі № 44 28 красавіка, Шаркоў растлумачыў тым, што "гэта было выказванне волі і жадання саміх прадстаўнікоў СМІ".
"Калі рашэнне суда будзе не на маю карысць, яно будзе абскарджана", — дадаў ён.