Асілак Вячаслаў Харанэка: Свой юбілей адзначу рэкордам і келіхам віна
Рэкардсмен сёння святкуе 50-годдзе! У інтэрв’ю Еўрарадыё ён распавёў, як ледзьве не памёр падчас рэкорду і якія наступствы мае ад тэракту.
Вячаслаў Харанэка — супергерой і асілак, на рахунку якога роўна 130 сусветных і нацыянальных рэкордаў у экстрэмальным падыманні цяжкасцяў. Прычым палову з іх не можа пабіць ніхто ў свеце. Вячаслаў — рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса. Ён, падпалкоўнік міліцыі, доўгія гады выкладаў баявую фізпадрыхтоўку ў курсантаў. Сёння легендарнаму беларускаму рэкардсмену спаўняецца… 50 гадоў!
Экстрэмальны пад’ём цяжкасцяў — небяспечная рэч для 50 гадовага чалавека? Так ці не, але Вячаслаў Харанэка нават свой паўвекавы юбілей вырашыў адзначыць рэкордам, спроба якога адбудзецца праз пару дзён. Гэта будзе 131-ы рэкорд асілка.
Вячаслаў Харанэка: “Планую пабіць рэкорд верасня 2010 года, калі я ў Маскве, седзячы ў гімнастычным шпагаце, выціснуў за 2 хвіліны гіру вагой 24 кілаграмы 40 разоў. І вось гэты рэкорд я пастараюся пабіць. Я вельмі сур’ёзна да гэтага рыхтуюся, узяў адмыслова частку адпачынку. Спадзяюся, што парадую яшчэ і людзей, і сябе! Пакажу, што 50 гадоў можна адзначаць не толькі ў рэстаране, але і такім спартовым чынам — усталяваць рэкорд!”
Харанэка — вядомы прыхільнік здаровага ладу жыцця. Напрыклад, да цыгарэт і наркотыкаў ставіцца катэгарычна супраць, прапагандуе заняткі спортам. А ці падніме рэкардсмен келіх на ўласным 50-годдзі?
Вячаслаў Харанэка: “Да спіртнога стаўлюся так: мусіць быць культура піцця. Яшчэ Амар Хаям у ХІ стагоддзі сказаў цудоўныя словы:
Запрет вина — закон, считающийся с тем,
Кем пьется, и когда, и много ли, и с кем.
Когда соблюдены все эти оговорки,
Пить — признак мудрости, а не порок совсем.
То бок, можна выпіць і келіх добрага чырвонага віна — яно і нуклеіды выводзіць. Ці 50 грамаў добрага каньяку…”
Напэўна, людзі, якія бачылі Харанэку на свае вочы ці назіралі за ягонымі рэкордамі, нават не ўяўляюць, што Вячаслаў… — ужо дзядуля!
Вячаслаў Харанэка: “Майму ўнуку Цімафею, атрымліваецца, ужо 1 год і 8 месяцаў. Ужо поўным ходам бегае. Але размаўляе пакуль неяк незразумела… Але вунь Эйнштэйн да трох гадоў увогуле маўчаў, а потым — глядзіце, што выдаў!.. Ведаеце, гэта радасць — спакой, калі з тваімі дзецьмі і ўнукамі ўсё ў парадку, калі яны здаровыя… Каб яны радавалі, працягвалі нашую справу…”
Ці здараліся экстрэмальныя сітуацыі падчас усталявання рэкордаў? Вячаслаў прыгадвае, што самы небяспечны выпадак быў, калі ён апынуўся за адзін крок ад інсульту…
Вячаслаў Харанэка: “Былі такія, дзе прысутнічала рэальная пагроза жыццю. Напрыклад, у студзені 1999 года ў басейне пад вадой на глыбіні 1,7 метра я на затрымцы дыхання без усякіх аквалангаў выціснуў за 52 секунды гіру вагою 32 кілаграмы 21 раз. Калі я вынырнуў, лекар сказаў, што яшчэ троху — і было бы кровазліццё ў мазгі. У мяне моцна кружылася галава, быў такі стан, нібыта выпіў шклянку гарэлкі”.
Падчас тэракту 11 красавіка на “Кастрычніцкай” Вячаслаў чакаў свайго сябра, з якім дамовіўся сустрэцца акурат на масточку ў цэнтры станцыі. Патэнцыйны тэрарыст прайшоў за два крокі ад Харанэкі, а затым націснуў на кнопку дыстанцыйнага пульта. Аднак Вячаслаў не звярнуў увагі на нейкіх падазроных людзей, таму і следчым сказаў, што ні на каго нагаворваць не хоча. У час выбуху яму патрапіў у галаву кавалак мармуру, адзенне заліло крывёю, хірургі наклалі асілку некалькі швоў на патыліцу. Цяпер здароўе чэмпіёна ўжо ўваходзіць у норму.
Вячаслаў Харанэка: “Я чаму стараюся пра гэта нават не думаць — бо чым больш думаеш, тым больш пачынае калаціць. Мог не паспець прыхіліцца, зрэагаваць… Гэта мяне святы анёл Міхаіл уратаваў… Я і да гэтага верыў у Бога, а пасля — яшчэ больш стаў. Ёсць нейкія сілы, якія дапамаглі… Стан першы час быў не вельмі добры, было ж страсенне мазгоў, на галаву швы накладалі. Цяпер ужо лепш, засталася невялікая гематома. Дзякуй лекарам — вельмі добра зацыравалі дзірачку, амаль нічога ўжо не відаць! Працую, трэніруюся, радуюся. Люблю жыццё!”Я і да тэракту верыў у Бога, а пасля — яшчэ больш
Між іншым, Вячаслаў Харанэка, апроч усталявання рэкордаў, вядзе перадачу на тэлебачанні і рубрыку самаабароны ў адным часопісе. Яшчэ з дзяцінства марыць здымацца ў кіно. Пакуль што зняўся ў 4 фільмах, праўда, на эпізадычных ролях. Апошняя праца — роля ахоўніка махінатара Маўродзі ў фільме пра “МММ”. Аднак Вячаслаў ужо ўступіў у Саюз кінематаграфістаў і верыць, што ягоная слава кінагероя яшчэ наперадзе. Зрэшты, гляньце на фоткі — ну чым не Брус Уіліс?..

Чым не Брус Ўіліс?..

Мы папрасілі Харанэку “на слабо” проста ў джынсах сесці на шпагат для фота. 50-гадовы чэмпіён адказаў: “Паспрабую!..”

Мара Вячаслава — здымацца ў кіно. Пакуль былі толькі 4 эпізадычныя ролі. Але пасведчанне чальца Саюза кінематаграфістаў ужо ёсць!