Associated Press: У Беларусі найгоршы крызіс з часоў развалу СССР

Брытанская The Independent піша, што ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Беларусі растуць пратэстныя настроі, але кіраўнік краіны так проста адступаць не збіраецца. Артыкул газеты называецца "Праўда за паказухай: турма для дысідэнтаў у апошняй еўрапейскай дыктатуры".

"Выглядае, што ўчорашні грандыёзны вайсковы парад, прысвечаны Дню незалежнасці Беларусі, мусіў паказаць, што Лукашэнка так проста ад улады не адмовіцца. Апрануты ў вайсковую форму з усімі рэгаліямі, у сваёй прамове ён зрабіў паралелі паміж уварваннем нацыстаў і цяперашнім рухам пратэсту", — піша Шон Уолкер.

Журналіст польскай Gazeta Wyborcza заўважае, што службы бяспекі зрабілі ўсё магчымае, каб да пратэстаў не дайшло.

"У абед, калі маладыя апазіцыянеры планавалі запляскаць прэзідэнта Лукашэнку, які прамаўляў падчас парада, агенты КДБ выцягвалі з натоўпу ўсіх, хто падазрона выглядаў... А калі ўвечары на вуліцах перад вакзалам людзі выйшлі пратэставаць, то на іх накінуліся міліцыянты".

Не абышла ўвагай заходніх медыяў блакіроўка груп “ВКонтакте”. Associated Press піша:

"Аўтарытарны ўрад Беларусі перакрыў доступ да папулярных сацыяльных сетак з тым, каб замяць пратэсты ў святочны дзень... Урад спрабуе стрымаць усё большую незадаволенасць падчас найгоршага фінансавага крызісу ў Беларусі з часоў развалу СССР".

Спецыяльны рэпартаж расійскага тэлеканала НТВ таксама выкрыў абсурднасць забароны на плясканні ў ладкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі